Прарасейскія баевікі страляюць з Градаў з жылых кварталаў Данецка



Прарасейскія баевікі “ДНР” вядуць абстрэлы пазіцый украінскай арміі непасрэдна з жылых кварталаў Данецка. Пра гэта паведамляецца ў прэс-цэнтр Антытэрарыстычнай аперацыі са спасылкай на Bellingcat – даследніцкі брытанскі рэсурс, які аналізуе і публікуе спадарожнікавыя фотаздымкі з адкрытых крыніцаў.

Інтэрнэт-праект Bellingcat, заснаваны брытанскім журналістам Эліётам Гігінсам, мае рэпутацыю сур’ёзнага аналітычнага рэсурсу. Адным з яго дасягненняў стала расследаванне збіцця малазійскага “Боінга” 17 ліпеня 2014 года ў Данецкай вобласці. Карыстаючыся спадарожнікавымі фотаздымкамі, Bellingcat пераканаўча давёў, што “Боінг” быў збіты комплексам “Бук” 53-й зенітна-ракетнай брыгады Міністэрства абароны РФ.

Здымкі, якія апрылюднеў брытанскі даследніцкі рэсурс, сведчаць, што абстрэлы ўкраінскіх пазіцый у раёне Аўдзееўкі з “Градаў” вядуцца непасрэдна з жылых кварталаў у прыгарадзе Данецка. Паводле тых здымкаў можна нават вызначыць канкрэтную пазіцыю расейскіх сістэм залпавага агню: гіпермаркет “Ашан” у аб’яздной дарогі Данецка. Залпы “Градаў” па ўкраінскіх пазіцыях зафіксаваныя 31 студзеня і 1 лютага.

Украінскія вайскоўцы мяркуюць, што абстрэл Аўдзееўкі непасрэдна з жылых кварталаў абумоўлены тым, што баевікі выкарыстоўваюць мірных жыхароў у якасці “жывога шчыта”.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

 Фота: bellingcat.com