Пратэстныя акцыі ў Кіеве
Фактычная агрэсія Расейскай Федэрацыі супраць Украіны ніяк не адбілася на пракрамлёўскім бізнесе, які па-ранейшаму квітнее ва Украіне. Гэта і «Ашчадны банк Расеі», і «Альфа-банк», і ВТБ-банк, і тытунёвы манапаліст «Мегаполіс», і папулярны мабільны аператар «Кіеўстар». Украінскія актывісты прыводзяць безліч прыкладаў фінансавання крамлёўскімі бізнесовымі структурамі сепаратыстаў Данбаса і дэманстрацый «Русского мира».
Усё гэта спарадзіла шматлікія пратэсныя акцыі, скіраваныя і супраць расейскага бізнесу ва Украіне, і супраць скарумпаваных высокапасадоўцаў, якія той бізнес пакрываюць.
На адной з такіх кіеўскіх акцый пабываў наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
На акцыю, скіраваную супраць расейскага бізнесу, з’ехаліся актывісты са ўсёй Украіны. Побач са мною – прадстаўнікі ўкраінскага Захаду, Уладзімір Мельнічык з горада Роўна, і Уладзімір Гармаш з усходнеўкраінскага Харкава.
РР: Украіна фактычна два гады знаходзіцца ў стане вайны ў Расейскай Федэрацыяй. Чаму толькі цяпер згадалі, што тут квітнее пракрамлёўскі бізнэс, з якога фінансуюцца антыўкраінскія сілы?
Уладзімір Мельнічук: Патрыёты даўно казалі: калі мы вядзем вайну з Расеяй, дык усе адносіны з дзяржавай-агрэсарам павінны быць прыпыненыя. І найперш — эканамічныя. Але ж улада да нас не прыслухоўвалася. Чаму? Улада сама мае бізнесы ў Расейскай Федэрацыі. Гэта тычыцца і дэпутатаў Вярхоўнае Рады, і ўрадоўцаў. Таму і не хоча разрываць з імі адносіны.
Уладзімір Гармаш: Пра існаванне расейскага бізнесу ва Украіне мы прыгадалі не ўчора і не сёння. Пратэстныя акцыі праходзяць у нашых гарадах увесь час. Недзе больш маштабныя, недзе – менш. Гэтая – дастаткова шматлюдная. Але ж расейскі бізнес як існаваў у нашай краіне, так і існуе…
РР: І якія перспектывы гэтых пратэстаў вы бачыце? Прыслухаюцца да вас улады ці не?
Уладзімір Мельнічук: Мы ўжо праводзілі пратэстныя акцыі і супраць энэргазапяспячэння Крыму, і блакавалі расейскія фуры. Улада абсалютна нічога не рабіла. Але ж, як паказаў Майдан, мы здольныя на многае і без улады. Мы перамаглі Януковіча і яго банду. Але ж тая банда фактычна засталася ў краіне…
Уладзімір Гармаш: Мне здаецца, што ўлада абавязкова нешта зменіць. Але калі мы не будзем выходзіць на вуліцы і не будзем высоўваць да ўлады свае патрабаванні, дык нічога і не будзе. Чым больш нас будзе – тым больш шанцаў, што да нас прыслухаюцца. Адзіночныя акцыі пратэсту маюць невялікія шанцы.
Вось як каментуе сітуацыю ветэран Антытэрарыстычнай аперацыі, пазыўны “Кабул”:
— Усе ведаюць, што ёсць расейскія банкі, якія вольна працуюць ва Украіне. Эфэсбэшныя манаполіі. Медведчук, які кум самі ведаеце каго (украінскі высокапасадовец, кум У. Пуціна – РР). Той жа Ахметаў, які фінансуе тэрарызм. Гэты спіс няпоўны. Я штодня бачу ў Дэбальцава эшалоны, якія вязуць вугаль праз нашы блок-посты з так званай ДНР ва Украіну.
А вось што кажа з гэтай нагоды Андрэй Левус, дэпутат Вярхоўнай Рады, экс-намеснік старшыні Службы Бяспекі Ўкраіны:
Мы бачым, як сілы рэваншу падымаюць галовы. Два гады прайшло, але людзі, якія спяць і бачаць, як павярнуцца да прыўладных ночваў, падымаюць галовы. Іх мэта – не проста праект “Наваросія”, але праект “Маларосія”. Яны праводзяць свае форумы, маю на ўвазе форум Медведчука… Відавочна, ёсць ва ўладзе людзі, якія гэта “крышуюць”. Акрамя таго, ва Украіне квітнее расейскі бізнес. І гэта ўвогуле амаральная з’ява. Хлопцы, якія нас бароняць, штодня гінуць на фронце, а мярзотнікі, саўдзельнікі ў іх забойствах, сядзяць ва ўладных кабінетах маюць з таго расейскага бізнесу хабары…
Тым часам да акцый, скіраваных супраць пракрамлўскага бізнесу, далучаюцца і праварадыкалы. Пакуль разгромлены толькі адзін офіс расейскага банка ў Кіеве, але ж пагромнікі паабяцалі, што ў разе бяздзейнасці ўраду такія акцыя будуць пашырацца.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя