Пратэсты ў Беларусі ды Расеі: масавыя затрыманні



Праваабаронцы і валанцёры высветлілі прозвішчы больш як 100 затрыманых на суботніх акцыях пратэсту ў Беларусі. Паводле дадзеных ПЦ „Вясна”, у сталіцы затрыманыя больш за 130 чалавек, у тым ліку каля 50 жанчын, сярод якіх дзве актывісткі ініцыятывы „Вулічная медыцына”. Як піша тэлеграм-канал «Списки задержанных», усяго валанцёры ўстанавілі імёны 156 затрыманых. 

Сярод затрыманых у сталіцы Аляксандар Мікрукоў, які супрацоўнічае з тэлеканалам «Белсат». Ён быў дастаўлены ў УУС Ленінскага раёна, а затым у цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў. Вядома таксама аб затрыманні двух студэнтаў факультэта журналістыкі БДУ Івана Аксінушкіна і Антона Шавярынава, абодва дастаўленыя ў Маскоўскі РУУС. Паведамляецца таксама, што ў Міхайлаўскім скверы адбыліся затрыманні падчас раздачы ежы ў межах ініцыятывы „Ежа замест бомбаў”.

Інфармацыя пра затрыманні паступіла таксама з Берасця (больш за 10 чалавек) і Маладзечна (адзін). Між тым, валанцёрскі тэлеграм-канал „Спісы затрыманых” прыводзіць дадзеныя каля паўтары сотні чалавек. А менская міліцыя раней паведаміла пра затрыманне каля сотні „найбольш актыўных асоб”, якія ўдзельнічалі ў акцыях.

Нагадаем, што 23 студзеня менчукі і жыхары іншых гарадоў краіны, а таксама прадстаўнікі беларускай дыяспары за мяжой правялі акцыі ў падтрымку блогера Ігара Лосіка, які ўжо больш за 40 дзён галадае ў менскім СІЗА, з патрабаваннем вызвалення яго і ўсіх іншых палітвязняў. Каля 15 гадзін грамадзяне пачалі станавіцца ў ланцугі салідарнасці. Гэта першы аднаразовы і анансаваны ў сацсетках пратэставы выхад гэтай зімой.

Тым часам, у Расеі на пратэставых акцыях у суботу затрымалі больш за 2500 чалавек. З іх у Маскве — 952 чалавекі, у Санкт-Пецярбургу — 374 чалавекі. Мірныя шэсці ды мітынгі прайшлі пад лозунгам «Свабоду Аляксею Навальнаму». Галоўнага апанента Пуціна, як вядома, спрабавалі забіць сілавікі, але ён выжыў і пасля лячэння ў Нямеччыне вярнуўся ў Маскву, дзе адразу ў аэрапорце быў затрыманы. У шэсцях і маніфестацыях было заўважана шмат бел-чырвона-белых сцягоў, расейскія пратэстоўцы сярод іншага скандавалі па-беларуску: Далучайся і Жыве Беларусь! Падтрымку расейскім акцыям у абарону Навальнага і расейскіх палітвязняў выказалі таксама ўдзельнікі маніфестацый за мяжой.

Беларускае Радыё Рацыя