Пратэсты ў Кіеве супраць арышту Саакашвілі
У маршы „За імпічмент!” у Кіеве ўзялі ўдзел каля 2,5 тысяч пратэстоўцаў, так заявілі ў прэс-службе паліцыі Кіева.
Марш стартаваў ў парку Тараса Шаўчэнкі, праваахоўнікі суправаджалі калону да Майдана Незалежнасці.
Праваахоўнікі адзначалі, што акцыя праходзіла без парушэнняў. За парадкам у цэнтры Кіева сочыць каля тысячы паліцыянтаў і вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі Украіны.
Арганізатары шэсця з „Руху новых сіл” ацанілі з свайго боку колькасць пратэстоўцаў на 50 тысяч чалавек.
Удзельнікі маршу прайшлі калонай на Майдан Незалежнасці і правялі там мітынг. Затым яны скіраваліся да ізалятара часовага ўтрымання, дзе знаходзіцца лідар „Руху новых сіл” Міхаіл Саакашвілі.
Напомнім, што Саакашвілі затрымалі ў Кіеве 8 снежня. Палітыка завезлі ў Галоўнае ўпраўленне Службы бяспекі Украіны па Кіеве і Кіеўскай вобласці. Пасля, паводле даных генеральнага пракурора Юрыя Луцэнкі, Саакашвілі змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.
Затрыманы палітык заявіў, што яго арыштавалі па ілжывых абвінавачаннях і заклікаў выходзіць на мірную нядзельную акцыю „За імпічмент!”.
Непадалёк ізалятара часовага ўтрымання прыхільнікі Міхаіла Саакашвілі разбілі вітрыну фірмовага магазіна Roshen.
Удзельнікі акцыі скандавалі „Парашэнку на нары!” і кідалі снежкі ў магазін, ачэплены супрацоўнікамі паліцыі.
Пасля кароткага мітынгу пад ізалятарам СБУ засталася частка пратэстоўцаў, іншыя скіраваліся да будынку Генеральнай пракуратуры па вуліцы Рэзніцкай.
Беларускае Радыё Рацыя