Праціўнікі завода „АйПаўэр” збіраюцца балатавацца
Праціўнікі акумулятарнага заводу „АйПаўэр” зарэгістравалі ініцыятыўныя групы на ўсе чатыры выбарчыя акругі Берасця і Берасцейскага раёну. Аляксандр Кабанаў, Алена Макарэвіч, Раман Кісляк і Уладзімір Мароз паспрабуюць разам з камандамі назбіраць неабходную колькасць подпісаў для ўдзелу ў выбарах.
Каментуе праваабаронца Раман Кісляк:
– Я ведаю гэтую спрэчку заўсёдную. Сутнасць у тым, што мы не зможам ніяк абгрунтаваць парушанае права, калі ніхто не будзе намагацца праходзіць. Калі нейкі байкот, ігнор, то павінен быць супольны. Сэнс байкатаваць, калі большасць людзей не будзе ведаць пра гэты байкот, таму мы выкарыстоўваем усе магчымасці. У нас ілюзіяў няма ніякіх, усе хто высоўваецца ад Руху „За свабоду”, пратэсту супраць акумулятарнага заводу, разумеюць больш ці менш як гэта працуе. Наша задача выкарыстаць магчымасць збору подпісаў, магчымасці правядзення агітацыі.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Для рэгістрацыі ў якасці кандыдата на парламенцкіх выбарах у Беларусі, якія пройдуць у лістападзе, патрэбна назбіраць не менш як 1000 подпісаў. Гэта працэдура не датычыцца тых, хто вылучаецца ад працоўных калектываў.
„Хутчэй за ўсё ад выходных ужо можна будзе ўбачыць нашыя пікеты і аддаць свой подпіс за прадстаўніка ініцыятыўнай групы праціўнікаў заводу”, – падсумаваў Раман Кісляк.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце