Працягваецца суд над Эдуардам Пальчысам



“Не разумею, чаму на суд Пальчыса не прыходзяць лідары і Facebook-супольнасць». Каля Менскага гарадскога суда працягваецца 6-ы дзень пікета салідарнасці з журналістам Эдуардам Пальчысам. Пальчыса, вядомага пад псеўданімам John Silver, абвінавачваюць у распальванні міжнацыянальнай варажнечы і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў.

sud4

Штодня пад вокнамі суда збіраецца да 10 актывістаў. “Некаторыя доўгі час называлі тых, хто ладзіў акцыі ў падтрымку Пальчыса, маргіналамі і піяршчыкамі,” – гаворыць актывіст кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Максім Вінярскі.

– Я зараз не ведаю, чаму гэтыя людзі не знаходзяць часу і сілаў, каб прыйсці да суда. Я спадзяюся, што яны прыходзілі б, калі б у судзе былі адкрытыя працэсы. Я, напрыклад, чуў, што Матолька казаў ў размове з Мацкевічам пра тое, што ён асабіста абірае законныя метады.

“Я лічу, што з беззаконнем нельга змагацца падпарадкоўваючыся яму,” – падсумаваў Максім Вінярскі. Кожны дзень працэса ад 10-й гадзіны раніцы палітыкі і актывісты: Павал Севярынец, Зміцер Дашкевіч, Яўген Афнагель і некаторыя іншыя выходзяць на акцыю да будынка суда. Пальчысу пагражае да 5-і гадоў зняволення. Праваабарончая супольнасць лічыць пераслед журналіста палітычна матываваным і беспадстаўным.

[Not a valid template]

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Суд над Эдуардам Пальчысам працягваецца: сёння аднаўляецца разгляд справы. У закрытым рэжыме прайшло пяць дзён працэсу. Штодня каля Менгарсуда збіраюцца з дзясятак пікетоўцаў, якія цэлы дзень скандуюць лозунгі ў падтрымку Пальчыса. Сярод іх і сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец:

Пакуль ідзе суд, мы будзем стаяць пад вокнамі і скандаваць з бел-чырвона-белымі сцягамі. Там ёсць і сябры БХД, але грамадскія актывісты на гэтых акцыях былі прадстаўлены шырэй. І Дашкевіч з „Маладога фронта”, і Макаеў, Мікалайчык, Дземідзенка, Шэйн, і Лагвінец прыходзіў. Каля 50 пратаколаў складзена на гэты момант.

Эдуард Пальчыс паведаміў у сваіх лістах, што чуе галасы падтрымкі ў судзе і дзякуе за іх. Пра гэта расказала ягоная жонка Вікторыя Шчукевіч. Блогера Эдуарда Пальчыса судзяць на закрытым працэсе па звінавачванні ў распальванні варожасці.

Праваабронцы лічаць суд палітычным, справу — надуманай, Пальчыса прызналі палітвязнем.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя