Працягваецца праймерыз па вылучэнні „адзінага”
Працягваецца праймерыз па вылучэнні адзінага кандыдата ад дэмакратычнай апазіцыі на прэзідэнцкія выбары. Па словах Аляксея Сігаева – намесніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), аднаго з кіраўнікоў штабу па абранні адзінага кандыдата, зараз працэдура галасавання праходзіць у інтэрнэце, паколькі паездкі па рэгіёнах з-за пандэміі каронавіруса былі адмененыя. На 6 красавіка прагаласавала 1 120 чалавек.
– Пытанне наконт таго мала ці шмат, то ўсе мы разумеем, што зараз пытанне каронавіруса для людзей больш неабходнае, таму на праймерыз не звяртаюць увагу. Але мы спыняцца не плануем. У анлайн гэта будзе працаваць як і плануецца па графіку. Мы плануем да 30 красавіка. Але я думаю, што можа быць і падоўжана, бо нашыя паездкі па рэгіёнах з-за каронавіруса не аднавіліся. І таму мы мабыць працягнем анлайн-галасаванне даўжэй.
Галасы паміж кандыдатамі размяркоўваюцца амаль пароўну. Першае месца займае старшыня Руху „За свабоду” Юрась Губарэвіч – 34 працэнта. Наступная – сустаршыня Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова, якая толькі на 1 голас апераджае кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова. У абодвух па 33 працэнты. „Але ж галасаванне працягваецца, дынаміка мяняецца штодзённа. Мы спадзяемся, што колькасць галасаваўшых павялічыцца і вынікі кандыдатаў будуць адрознівацца адзін ад аднага больш значна”, – кажа Аляксей Сігаеў.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск