Працягваецца суд над Андрэем Бандарэнкам (абноўлена)
Пракурор просіць прызнаць праваабаронцу Андрэю Бандарэнку вінаватым у асабліва злосным хуліганстве і пакараць 5-ю гадамі пазбаўлення волі. Яго вінавацяць у збіцці траіх чалавек. Працэс адбываецца ў судзе Кастрычніцкага раёну Менску.
Па словах кіраўніка „Праваабарончага альянсу” Людмілы Гразновай, якая ўвесь час прысутнічае на судзе, віна Бандарэнкі, якая б адпавядала тром часткам артыкула аб хуліганстве, не даказаная:
– Пракурор даказваў віну Бандарэнкі па ўсіх трох эпізодах, але можна выказаць недавер таму, што ён гаварыў. Па-першае, Бандарэнка падчас сваркі з Яворскім адказаў на правакацыю, на знявагу Яворскага. Другі эпізод, канфлікт з жанчынамі паўстаў у выніку того, што Бандарэнку ўкусіла адна з жанчын.
Людміла Гразнова адзначае, што раней Андрэй Бандарэнка прыйшоў да згоды з дзвюмя жанчынамі, і яны не настойвалі на яго крымінальным пакаранні. Да таго ж Бандарэнка па гэтым эпізодзе ўжо быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і аштрафаваны. „Таму рэальных доказаў віны Бандарэнкі, якая б адпавядала часткам артыкула аб хуліганстве, пракурор прадставіць не здолеў,” – лічыць Людміла Гразнова.
* * *
Працягваецца суд над праваабаронцам, былым кіраўніком арганізацыі „Платформ іннавейшн” Андрэем Бандарэнкам. Ён абвінавачваецца ў злосным хуліганстве. У паказаннях сведак і пацярпелых выявілася шмат супярэчнасцяў. Аднак суд адмовіў ва ўсіх хадайніцтвах абвінавачанага ды яго абароны. Кажа кіраўніца „Праваабарончага Альянсу“ Людміла Гразнова:
– Адно з іх – найважнейшае, на тэлефанаванні сведкі Дурманавай. Дзякуючы гэтым тэлефанаванням можна было дакладна вызначыць, ці была яна ў гэтым месцы ў гэты час. Але суддзя і гэта адхіліла. У выніку Бандарэнка і адвакат Ліпкіна заявілі суддзі недавер. І абгрунтавалі гэта тым, што суддзя не спрыяе аб’ектыўнаму разгляду справы і не дае магчымасці абараняцца.
Суддзя адхіліла заяву пра свой адвод. Працэс над праваабаронцам Андрэем Бандарэнкам набліжаецца да фіналу. Магчыма, ужо сёння адбудуцца судовыя спрэчкі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота novychas.info