Працягваецца ціск на палітвязня Міколу Статкевіча



Два рапарты за парушэнне правілаў унутранага распарадку складзеныя за першыя два дні знаходжання ў шклоўскай калоніі ў дачыненні да Мікалая Статкевіча.

Пра гэта паведаміла яго жонка Марына Адамовіч. Паводле яе слоў, Статкевіч быў пераведзены з магілёўскай турмы № 4 у шклоўскую калонію № 17 13 студзеня, а 14-га яму дазволілі тэлефонную размову з жонкай.

„Ён сказаў, што на этапе не стаміўся і распавёў пра прэтэнзіі, якія былі заяўлены яму на ўваходзе”, – распавяла Марына Адамовіч:

– У першы ж дзень, як толькі ён паступіў, была заяўлена прэтэнзія аб тым, што ён парушае форму вопраткі. Прынамсі, не паложаныя штаны нібыта на ім былі апранутыя, праўда мушу адзначыць, што гэтыя штаны былі акурат ад робы – формы гэтай так званай, якая была выдадзена Міколе ў магілёўскай турме. Мяркую, што калі ў іх ёсць прэтэнзіі, то няхай ужо выказваюць іх адміністрацыі магілёўскай турмы. Другая прэтэнзія была на яго заяўлена за парушэнне распарадку дня.

Адамовіч адзначыла, што пакуль не ведае падрабязнасцяў таго, за што быў складзены другі рапарт. Яна паведаміла, што бліжэйшыя два тыдні Статкевіч правядзе ў карантыне. Паводле яе слоў, палітык таксама ўжо звярнуўся да кіраўніцтва калоніі з просьбай аб прадастаўленні спаткання з жонкай.

Мікалай Статкевіч – адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, які да гэтага часу знаходзіцца ў зняволенні. Яму неаднаразова прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, але ён катэгарычна адмаўляецца гэта рабіць.

Беларускае Радыё Рацыя