Працягваюцца перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕЗ



Наступны раўнд перамоваў Беларусі і ЕЗ па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі пройдзе 11 кастрычніка ў Бруселі, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.

„Узгадненне даты перамоваў — гэта нармальны працоўны працэс, — сказаў ён. — Дасягнутая дамоўленасць аб правядзенні чарговага раўнда 11 кастрычніка. Дэлегацыя цяпер фармуецца”.

30 ліпеня Еўрапейская камісія афіцыйна запрасіла Беларусь на пяты раўнд перамоў па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі. Пры гэтым еўрапейскі бок выказаў гатоўнасць завяршыць перамовы як мага хутчэй.

Дыялог па спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі афіцыйна вядзецца са студзеня 2014 года. Апошняя сустрэча адбылася ў чэрвені 2017 года ў Менску. Па яе выніках было заяўлена аб дасягненні „значнага прагрэсу, у прыватнасці, у дачыненні да будучага пагаднення аб рэадмісіі”. „Калі пагадненні будуць заключаныя, яны зробяць працэдуры выдачы Еўрапейскім саюзам кароткатэрміновых віз беларускім грамадзянам больш простымі і таннымі, а таксама дазволяць Беларусі лепш забяспечваць рэадмісію сваіх грамадзян, якія не маюць права знаходзіцца на тэрыторыі ЕЗ”, — паведамляла прэс-служба Еўразвяза.

У чэрвені гэтага года еўракамісар па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні ЕЗ Ёханэс Хан падчас візіту ў Мінск заявіў, што перамоўны працэс паміж Беларуссю і Еўрасаюзам па пагадненні аб спрашчэнні візавых працэдур можна было б паскорыць. „Мне не хацелася б каментаваць перамоўны працэс, — сказаў ён. — Я мяркую, калі ёсць добрая воля з абодвух бакоў, мы тады можам не прайсці, а прабегчы апошні кіламетр. Можна было б паскорыць гэты канчатковы працэс прыняцця рашэнняў”.

Гаворачы аб планаваным павышэнні кошту шэнгенскіх віз да 80 еўра, Хан падкрэсліў, што ЕС і Еўракамісія не зацікаўленыя ў тым, каб „зрабіць візавыя пытанні крыніцай даходу”. „Наша мэта — забяспечыць хуткую выдачу віз. Тут ёсць пэўныя ўмовы, але мы не маем намеру зарабляць на гэтым грошы”, — сказаў ён.

Раней паслы краін — членаў ЕЗ ухвалілі мандат Еўракамісіі на пачатак перамоваў з Еўрапарламентам аб унясенні змяненняў у Візавы кодэкс. Сярод запланаваных змен — устаноўка перыяду падачы візавых заявак не пазней чым за 15 дзён да паездкі і павелічэнне консульскага збору з 60 да 80 еўра. Павелічэнне збору не закране тых краін, з якімі ў ЕЗ падпісаныя пагадненні аб спрашчэнні візавых працэдур і для грамадзян якіх шэнгенскія візы каштуюць 35 еўра.

belapan.by