„Права выбару”: Адмова ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Ціханоўскага палітычна матываваная



Адмова Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы для збору подпісаў блогера Сяргея Ціханоўскага і іншых апанентаў дзейнага прэзідэнта носіць палітычна матываваны характар, сказана ў заяве кампаніі назірання „Права выбару”.

Заяўнікі нагадалі, што Ціханоўскі зараз адбывае 15 сутак арышту. „Гэты арышт ён мог адбыць раней, аднак улады наўмысна чакалі, калі будуць абвешчаныя выбары. Яму не была дадзеная магчымасць уласнаручна паставіць подпіс пад дакументамі і асабіста падаць дакументы ў ЦВК”, — лічаць аўтары заявы.

Адмова ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы на падставе таго, што пад дакументамі стаяў подпіс даверанай асобы, „выглядае юрыдычна спрэчным і яўна палітычна матываваным”, лічыць „Права выбару”. „Выбарчы кодэкс не ўтрымлівае патрабаванняў да наяўнасці або адсутнасці подпісаў самога заяўніка, а ініцыятыўная група можа быць не зарэгістраваная толькі ў выпадку парушэння патрабавання кодэкса”, — падкрэслілі ў кампаніі назірання.

Аўтары заявы лічаць, што падобныя дзеянні ўладаў сведчаць пра адсутнасць роўных умоў для ўдзелу ў выбарах для грамадзян Рэспублікі Беларусь.

Кампанія „Права выбару” таксама назвала дыскрымінацыяй „апанентаў дзейнага прэзідэнта ў выбарчым працэсе” адмову ў рэгістрацыі шэрагу ініцыятыўных груп — Веранікі Мішчанкі, Аляксандра Грачышнікава, Вольгі Нікалайчык, Анжалікі Жалезняковай, Валянціна Фралова, Антаніны Вішняковай, Вікторыі Хатэнкі, Ігара Клешчука — на падставах, не абумоўленых Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь.

belapan.by