«Права выбару» падала скаргу ў Цэнтрвыбаркам на вынікі выбараў
Грамадская кампанія «Права выбару», у якую ўваходзяць прадстаўнікі буйнейшых беларускіх дэмакратычных партыяў і арганізацыяў, падала скаргу ў Цэнтрвыбаркам на вынікі выбараў.
Па словах старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, у скарзе каротка выкладзены ўсе вынікі назірання, як датэрміновага, так і ў асноўны дзень галасавання:
– Зроблены высновы, што Аляксандр Лукашэнка не з’яўляецца пераможцам у гэтую выбарчую кампанію, і калі Цэнтральная выбарчая камісія сёння можа прыняць рашэнне і абвесціць, што ён пераможца, згодна нашых назіранняў, ён будзе лічыцца нелегітымным прэзідэнтам. Гэта коратка выкладзена ў нашай скарзе.
Пазней стала вядома, што старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына адмовілася разглядаць скаргу, таму што разглядаюцца толькі скаргі, пададзеныя кандыдатамі ў прэзідэнты. І пададзена так шмат скаргаў, што іх проста фізічна немагчыма разглядзець.
Беларускае Радыё Рацыя
