„Права выбару” падсумавала працу назіральнікаў у Гародні



У Гародні адбылася сустрэча і падсумаванне працы назіральнікаў ад незалежнай кампаніі „Права выбару”. Што да „Выбараў-2018” у Гародні, то дадзена агульная ацэнка іх, як недэмакратычных і несправядлівых.

У Гародні назіранне кампаніі „Права выбару” праходзіла на 28 участках. Кажа Вольга Кавалькова – рэгіянальны каардынатар кампаніі „Права выбару” з Менска.

– Тыя працэнты па яўцы людзей, якія давалі нашы назіральнікі, у разы адрозніваліся ад тых паказчыкаў, якія ў сваіх пратаколах фіксавалі сябры камісіі. Гэта магло быць і ў тры разы вышэй. Калі назіральнік налічыў 20 чалавек, то ў пратаколе камісіі было 60-70. У Гародні мы вылучалі ў камісіі 7 чалавек. Ні адзін з іх не быў уключаны ў склад участковых камісій. Гэта таксама вельмі важны аспект таго, што выбары недэмакратычныя, бо прадстаўнікоў проста не дапускаюць у камісіі.

Падчас падліку галасоў, як адзначылі назіральнікі „Права выбару”, не было магчымасці назіраць за зместам бюлетэняў.

Удзельнікі сустрэчы адзначылі, што на гэтай выбарчай кампаніі ўпершыню выкарысталі наўпроставую трансляцыю з выбарчых участкаў падчас падліку галасоў. Тое, што выбары прайшлі па сцэнары ўладаў і ніякіх зменаў да дэмакратызацыі выбарчага працэсу няма, сведчыць і яўка выбаршчыкаў. Гаворыць Сяргей Верамеенка:

– Я так думаю, што гэтыя выбары паказалі, што гарадзенцы перадусім не хацелі ісці на выбары. Таму што яўка склала, па дадзеных нашых назіральнікаў, не больш за 40%. А то і менш. Акрамя таго, на адным з участкаў, і ў мяне ёсць падстава верыць, перамог так званы кандыдат “супраць усіх”. То бок, тыя людзі, якіх заганялі прымусова на выбары,  неслі ў кішэні фігу, а пасля апускалі яе ў выбарчую скрыню. Безумоўна, будзем працягваць назіранне.

На думку назіральнікаў кампаніі „Права выбару” з Гародні, ёсць сэнс назіраць на тых участках, дзе вылучаецца актыўны кандыдат дэмакратычных поглядаў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня 

Фота аўтара