“Права выбару” пакуль не вызначылася з парламенцкай кампаніяй



Рэгіянальны кіраўнік кампаніі “Права выбару” Аляксандр Сілкоў распавядае, ці будуць яны прымаць удзел у назіранні ў час парламенцкай кампаніі 2016 года.

Як вядома, чакаецца, што парламенцкія выбары ў Беларусі адбудуцца 11-га верасня 2016 года. Менавіта гэтую дату як найбольш верагодную назвала старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.

Аляксандр Сілкоў: Наша кампанія пакуль яшчэ не вызначылася наконт парламенцкіх выбараў. 16 снежня будзем падводзіць вынікі папярэдняй працы і глядзець на тое, якія структуры прымуць удзел у парламенцкай кампаніі.

РР: Зыходзячы з чаго будзеце прымаць рашэнне?

Аляксандр Сілкоў: Усё будзе залежыць ад палітычнай волі палітычных суб’ектаў. Пытанні ў тым, ці згодны яны працаваць у межах кампніі “Права выбару”, і ці пацвердзяць свой удзел у выбарах. Калі так, то і мы пачнем сваю працу – будзем рыхтаваць назіральнікаў.

РР: Вам было б цікава працягнуць працу?

Аляксандр Сілкоў: Безумоўна. Парламенцкія акругі вельмі вялікія, было б добра, каб дэмакраты ў рэгіёнах аб’ядналіся і зрабілі татальнае назіранне – ад “а” да “я”. Каб закрылі ўсе ўчасткі, ведалі актыўнасць насельніцтва і тое, як усё адбывалася. Але, паўтаруся, неабходна, каб нашы палітычныя лідары далі згоду на такое назіранне.

РР: Я думаю, што яны таксама зацікаўлены ў гэтым.

Аляксандр Сілкоў: Як ні сумна, але часам лідары апазіцыі робяць такія рэчы, што я іх проста не разумею. Бо, па вялікаму рахунку, няма таго, хто супраць агульнага назірання. Але, калі справа даходзіць да канкрэтыкі, хто і за што будзе адказваць, то пачынаюцца пытанні.

РР: Чым назіранне за выбарамі ў рэгіёнах адрозніваецца ад буйных гарадоў?

Аляксандр Сілкоў: Многае залежыць ад таго, хто балатуецца. Павінен быць моцны палітык, таму не трэба вылучаць кандыдата проста дзеля кандыдацтва. Улады ж таксама не дурні – яны вылучаюць альбо моцнага гаспадарніка, альбо медыка ці дырэктара школы. Іншая рэч, што зараз само жыццё палітызуе грамадства, бо ў насельніцтва ўсё больш з’яўляецца пытанняў адносна ўзроўню свайго жыцця. Таму апазіцыі варта выкарыстоўваць гэты момант і пачынаць парламенцкую кампанію ўжо сёння. А мы павінны гэтым людзям забяспечыць нармальнае назіранне. Назіральнікам у рэгіёнах працаваць складаней, бо там вялікія акругі, не хапае чалавечага рэсурсу. Таму неабходна еднасць тых апазіцыйных структур, якія збяруцца прыняць удзел у кампаніі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя