Праваабаронца: Чыноўнікам, відаць, не спадабаліся пытанні журналістаў



Затрыманнямі журналістаў Белсату Сяргея Кавалёва і Змітра Міцкевіча завяршылася акцыя ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі па зборы подпісаў.

Тры пікеты ад „Белай Русі” і”БРСМ” у падтрымку Лукашэнкі, як прэтэндэнта на наступны тэрмін прэзідэнства Беларусі, збіралі подпісы дзве гадзіны. Прычынамі затрымання белсатаўцаў маглі быць нязручныя пытанні, што яны задавалі сябрам ініцыятыўнай групы Лукашэнкі.

Кажа праваабаронца Раман Юргель:

– Правакацый за дзве гадзіны, з 17-й да 19-й, не назіралася, іх не было. Былі журналісты і з тутбая, і са спутніка, і з гродналайф. Усе чыноўнікі і прадстаўнікі ініцыятыўнай групы Лукашэнкі адказвалі на пытанні. Таксама на пытанні журналістаў Белсату адказвалі. Было бачна, што пытанні журналістаў Белсату неяк раздражняюць іх, неяк выклікаюць непаразуменне.

На падпісной кампаніі Лукашэнкі актыўна ставілі подпісы чыноўнікі і служачыя вертыкалі вобласці і горада. Ніякіх грамадскіх забурэнняў менавіна падчас пікетаў праваабаронцы не заўважылі.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя