Праваабаронца: Рашэнне Ціханоўскай згарнуць пікеты — лагічны вынік пераследу



Рашэнне Святланы Ціханоўскай не выстаўляць 12—14 чэрвеня пікеты па зборы подпісаў за яе вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты з’яўляецца „лагічным вынікам жорсткай кампаніі пераследу і татальнага разгрому ў дачыненні да ўсяго выбарчага штаба”, лічыць каардынатар кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч.

У кампанію назірання „Праваабаронцы за свабодныя выбары” ўваходзяць ліквідаваны ўладамі праваабарончы цэнтр „Вясна” і рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб’яднанне „Беларускі Хельсінкскі камітэт”.

У каментары, апублікаваным на сайце кампаніі, Лабковіч адзначыў: тое, што адбылося за апошнія тыдні з членамі ініцыятыўнай групы Ціханоўскай, „было мэтанакіраванай спецаперацыяй па татальнай перашкодзе ёй і яе камандзе збіраць подпісы”.

„Правакацыі падчас пікетаў, вынікам якіх стала затрыманне [кіраўніка ініцыятыўнай групы] Сяргея Ціханоўскага і шэрагу членаў і рэгіянальных каардынатараў гэтай ініцыятыўнай групы, — гэта сведчанне таго, што рукамі спецслужбаў з дапамогай правакацый, масавых затрыманняў, націску на ўдзельнікаў сходаў па зборы подпісаў адбываецца выключна знішчэнне яе як магчымага кандыдата ў прэзідэнты. Зразумела, што гэта рэакцыя ўладаў на тую папулярнасць, якую яна мае, на тыя чэргі, якія выстраіліся да зборшчыкаў подпісаў за яе як патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты”, — заявіў праваабаронца.

Святлана Ціханоўская размясціла ў сацсетках відэазварот, у якім заклікала каардынатараў і членаў сваёй ініцыятыўнай групы 12—14 чэрвеня не збіраць подпісы ў Менску і абласных цэнтрах.

„У сувязі з тым, што адбываюцца затрыманні, вас караюць „суткамі”, штрафамі, адбываюцца правакацыйныя дзеянні на пікетах па зборы подпісаў у маю падтрымку, я звяртаюся да вас: калі ласка, у найбліжэйшыя дні — пятніца, субота і нядзеля — не праводзіць пікеты па зборы подпісаў у Мінску і ва ўсіх абласных гарадах Рэспублікі Беларусь”, — адзначыла Ціханоўская.

„У гэтыя дні я баюся рознага кшталту правакацый супраць вас. І, паверце, ні адзін сабраны подпіс не варты таго, каб пакутавалі вы і вашы сем’і”, — растлумачыла патэнцыйны кандыдат.

Паводле яе слоў, збор подпісаў будзе працягвацца „ў рэгіёнах, дзе не такая вялікая колькасць людзей, і мы пададзім столькі подпісаў, колькі ўжо сабралі”.

Затрыманымі застаюцца больш за 10 членаў ініцыятыўнай групы Ціханоўскай. Частка з іх, у тым ліку яе муж і кіраўнік ініцыятыўнай групы папулярны блогер Сяргей Ціханоўскі, абвінавачваюцца на падставе артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

ЦВК зарэгістравала 14 ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты. Збор подпісаў праходзіць з 21 мая па 19 чэрвеня. Рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты пройдзе з 5 па 14 ліпеня, пасля чаго пачнецца перыяд перадвыбарнай агітацыі. Прэзідэнцкія выбары прызначаныя 9 жніўня.

belapan.by

Фота nv-online.info/