Праваабаронца: Сённяшнія чыноўнікі – абслуговы персанал улады аднаго чалавека
Аляксандр Лукашэнка адправіў у адстаўку Лідзію Ярмошыну, якая ўзначальвала Цэнтрвыбаркам з восені 1996 году. Яна заняла гэтую пасаду адразу пасля Віктара Ганчара, які быў незаконна звольнены за адмову прызнаваць вынікі лістападаўскага рэферэндуму 1996 году. А ў 1999 годзе ён быў гвалтоўна выкрадзены, лёс яго і зараз невядомы. Замест Ярмошынай пасаду старшыні ЦВК заняў міністр адукацыі і кіраўнік Беларускай камуністычнай партыі Ігар Карпенка.
“Ад змены адной фігуры на іншую нічога не зменіцца,” – кажа праваабаронца Тамара Сяргей.
– Усе гэтыя ракіроўкі, якія мы назіраем усе гэтыя гады, па сутнасці нічога не мяняюць. Таму што ўлада застаецца ў руках аднаго чалавека, а гэтыя людзі ўсяго толькі абслуговы персанал. Асабіста я іх так бачу. Гэта абслуговы персанал улады аднаго чалавека.
РР: Вам даводзілася кантактаваць і з Ярмошынай, і з Карпенкам. Што можаце пра іх сказаць?
Тамара Сяргей: Мне давялося сустракацца фактычна з усімі чыноўнікамі ва ўладзе ў нашай краіне. Яны ўсе па сутнасці – на адзін твар. На прыёмах яны ветлівыя, тактоўныя. Але ў выніку яны нічога не вырашаюць. Яны нічога не прадпрымаюць для выканання тых абавязкаў, якія на іх ускладзены законам і за якія яны атрымліваюць грошы. Таму можна іх усіх замяніць, паставіць замест іх робатаў і будзе тое самае. Бо калі ўлада знаходзіцца ў руках аднаго чалавека, і ён вырашае ўсё, усе шматлікія структуры з вялікім кіраўніцкім апаратам ніякай ролі ні граюць. Бо ўсё скіравана на ўтрыманне ўлады аднаго чалавека. А за гэта ён дае ім умовы для вельмі добрага жыцця.
Я лічу, што самае страшнае, што адбылося за гэтыя гады, гэта тое, што з сістэмы кіравання краінай былі выціснутыя лепшыя людзі. І засталіся ў гэтай сістэме людзі бязвольныя і непрафесійныя. Бо прафесіянал сваёй справы – гэта чалавек, які паважае сябе. І ніводзін чалавек, які сябе паважае, не будзе шрубкай гэтай сістэмы, не будзе прыслугоўваць аднаму чалавеку. Гэта мая цвёрдая ўпэўненасць. Тым больш, што я ўсе гэтыя гады імкнулася дагрукацца да нашых чыноўнікаў, прыходзіла да іх на прыёмы. Я з пункту гледжання закона імкнулася вырашаць праблемы простых людзей.
Лукашэнка сёння таксама прызначыў новых старшыняў аблвыканкамаў. Кіраваць Магілёўскай вобласцю будзе Анатоль Ісачанка, Віцебскай – Аляксандр Субоцін.
Цалкам размова ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя