Праваабаронца з Луганска: На ўсходзе перамагаюць былыя рэгіяналы



На ўсходзе Украіны на выбарах у Вярхоўную раду перамагаюць былыя рэгіяналы.  За выключэннем некаторых выбарчых акругаў на Данеччыне, Данбас, які кантралюецца украінскай уладай прагаласаваў за Апазіцыйны блок і камуністаў.

Як адзначыў украінскі праваабаронца і журналіст з Луганску Канстанцін Рэуцкі, такі вынік былых паплечнікаў Віктара Януковіча гаворыць пра тое, што Кіеў ізноў здаў Данбас.

– Між цэнтральнай уладай Украіны і элітамі Данбасу, акрамя Луганскай вобласці, складзеная пэўная дамова, дасягнуты кампраміс. І тыя тэрыторыі, аддадзеныя ім. За тыя тэрыторыі ўкраінская ўлада нават не спрабавала пазмагацца. Да ўлады зноў прыходзяць тыя людзі, якія кіравалі гэтым рэгіёнам напрацягу 20 гадоў. 

Высокія адсоткі былых рэгіяналаў на Усходзе Украіны не дазволілі ім пераадолець 10 адсоткавы бар’ер па партыйных спісах, але дзякуючы перамозе былых рэгіяналаў, якія ішлі на выбары як самавылучэнцы па мажарытарных акругах Апазіцыйны блок можа разлічваць у Вярхоўнай радзе на фракцыю у 60-70 дэпутатаў.

У Расеі няма падставаў не прызнаваць выбары ў так званых ДНР і ЛНР, пра гэта заявілі ў расейскім МЗС.

2 лістапада на тэрыторыі, якая кантралюецца прарасейскімі баевікамі збіраюцца правесці выбары ў так званыя Народныя саветы непрызнаваных рэспублік.

Тое, што будуць праводзіць у нядзелю баевікі ЛНР і ДНР цяжка назваць выбарамі, кажа украінскі праваабаронца і журналіст з Луганску Канстанцін Рэуцкі.

– Гэта фактычна фарс – пастаноўка – так званы рэферэндум ДНР, ЛНР. Тэатральная пастаноўка для таго, каб надаць легітымнасці ўладзе. Улады, як у ДНР, так і ў ЛНР няма. Людзі, якія прадстаўляюцца журналістам, як лідары гэтых рэспублік – гэта не самастойныя людзі, яны не ўплываюць на прыняцце рашэнняў на гэтых тэрыторыях. Усім фактычна запраўляе расейскі бок. 

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка сёння заявіў, што сапраўднае волевыяўленне жыхароў Данбасу немагчымае пад дуламі аўтаматаў. Пра непрызнанне псеўдавыбараў на Данбасе ўжо заявіў ЕЗ і ЗША.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя