Праваабаронцаў і журналістаў папярэджваюць пра ўдзел у акцыі



19 снежня праваабаронцу “Вясны” Валянціну Стэфановічу патэлефанаваў супрацоўнік Партызанскага РУУС Менска Дзмітрый Кондаль і запрасіў з’явіцца для дачы тлумачэнняў наконт удзелу ў акцыі пратэсту 7 снежня, паведамляе spring96.org

Праваабаронца паабяцаў з’явіцца ў аддзяленні 20 снежня, то бок сёння. Патэлефанавалі таксама і старшыні ПЦ “Вясна” Алесю Бяляцкаму і папярэдзілі, каб ён не ўдзельнічаў у сённяшняй акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй. Таксама папярэджанні атрымалі праваабаронца Зміцер Салаўёў і яго жонка.

Журналістка партала tut.by Вольга Шукайла паведаміла ў „Фэйсбуку”, што 19 снежня ёй патэлефанавалі з міліцыі і цікавіліся ўдзелам у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, а таксама “пыталіся пра акрэдытацыю”. Пры тым, што згодна з заканадаўствам журналістам зарэгістраваных у Міністэрстве інфармацыі беларускіх СМІ для выканання сваіх прафесійных абавязкаў акрэдытацыя не патрабуецца — ім дастаткова мець пасведчанне ўстаноўленага ўзору.

Нагадаем, збор на акцыю абвешчаны на 18 гадзін на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.