Праваабаронцы абураныя „парадам” палонных у Данецку



Абурэнне праваабарончых арганізацый і міжнароднай супольнасці выклікаў учорашні прагон па вуліцах Данецка ўкраінскіх ваеннапалонных. Іх вялі пад дуламі аўтаматаў, а людзі на іх адрас выкрыквалі «фашысты», абражалі, кідалі яйкамі, камянямі і бутэлькамі.

Plennye_v_Donetske_4

Паводле старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэта Алега Гулака, такое абыходжанне з’яўляецца грубым парушэннем Жэнеўскай Канвенцыі аб абыходжанні з ваеннапалоннымі:

– Аналізы нашых калег гэтай сітуацыі ўжо гучалі. Усё яны зводзяцца да таго, што гэта парушае Жэнеўскую Канвенцыю аб абыходжанні са зняволенымі. Я ад сябе хацеў бы яшчэ сказаць, што тое, што адбываецца ў Расеі і падкантрольных ёй тэрыторыях, проста жахліва. Кожны дзень новымі вачыма глядзіш на ўсё тое, што адбываецца, і разумееш небяспеку для нас.

У палонных, які ішлі вуліцамі Данецка, рукі былі счэпленыя ззаду, у якасці канвоя –  баевікі з сабакамі ды зброяй. Пасля праходу калоны палонных асфальт дэманстратыўна памылі камунальнай тэхнікай. Такі быў адказ сепаратыстаў на афіцыйнае святкаванне 23-й гадавіны Незалежнасці Украіны. Нават у дзень нацыянальнага свята на Данбасе працягваліся баі.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя

Фота lpravda.com, news.bigmir.net