Праваабаронцы: Дапаможам збітым хлопцам адстаяць свае правы
Акруговая выбарчая камісія пазбавіла кандыдацкай рэгістрацыі яшчэ аднаго кандыдата ад апазіцыі – Зміцера Казакевіча. Зміцер Казакевіч быў затрыманы пасля акцыі „Дзяды” на тэрыторыі рэстарана „Поедем-поедим” разам з іншымі актывістамі. Па словах Казакевіча, усю дарогу ад рэстарана да міліцэйскага пастарунка іх збівалі.
Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі назваў гэта абуральным фактам і небяспечным сігналам.
– Тое, што яны атрымалі траўмы, зафіксаваныя ў больніцы, гэта найбольш абуральнае, тое, што патрабуе найпільнейшай увагі. Мы не павінны дапусціць, каб мы зноў вярнуліся да такіх практык, як збіванне сваіх апанентаў, прадстаўнікоў дэмакратычных партый, апазіцыі, тое, што ў нас было вельмі моцна распаўсюджана 5-7-10 гадоў таму. Гэта вельмі небяспечны сігнал, мы, праваабаронцы, будзем звяртаць на гэта вялікую ўвагу, паспрабуем таксама дапамагчы збітым хлопцам – напісаць скаргі, ці дапамагчы ў тым, каб яны паспрабавалі адстаяць свае правы.
Казакевіча затрымалі 3 лістапада за спробу прайсці на тэрыторыю рэстарану «Поедем-поедим» каля Курапатаў. На яго склалі адміністрацыйныя пратаколы за хуліганства і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя