Праваабаронцы наведалі Слонім
У суботу, 14 верасня, Слонім наведалі праваабаронцы і пісьменнікі з Менску Алесь Бяляцкі, і з Гародні – Віктар Сазонаў. Госці сустрэліся са слонімцамі, дзе прэзентавалі свае кнігі, адказалі на пытанні прысутных.
Распачаў сустрэчу Віктар Сазонаў, які распавёў пра розныя сітуацыі, звязаныя з дзейнасцю праваабаронцаў Гарадзеншчыны, падкрэсліўшы пры гэтым, што “самым галоўным сёння ва ўсіх справах з’яўляецца наша салідарнасць”. Госць з Гародні пазнаёміў слонімцаў з некаторымі сваімі творамі, а таксама сказаў шчырыя словы ў адрас кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна”.
Па словах Алеся Бяляцкага, ён не быў у Слоніме больш за 20 гадоў. За гэты час шмат што памянялася ў яго жыцці, грамадскай дзейнасці і ў творчасці. Падчас сустрэчы Алесь распавёў пра сваю працу над кнігай “Халоднае крыло Радзімы”, якая з’яўляецца своеасаблівым працягам кніг “Асвечаныя беларушчынай”, і “Іртутнае срэбра жыцця” – выданняў, якія былі падрыхтаваныя падчас зняволення аўтара.
Пасля плошчы 2010 года, па словах Алеся Бяляцкага, супрацоўнікі Праваабарончага цэнтра “Вясна” пачалі актыўна паведамляць у міжнародныя структуры пра затрыманні і збіццё людзей, а таксама аказваць ім і сваякам дапамогу. “У 2011 годзе былі ўведзены розныя санкцыі супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў. А ў жніўні 2011 года пасадзілі мяне на “Валадарку” у Менску, а потым далі 4,5 года калоніі. Адсядзеў я тры гады і ў 2014 годзе мяне нечакана выпусцілі…”, – прыгадаў Алесь Бяляцкі. Потым госць адказаў на пытанні слонімцаў і падараваў ім свае кнігі з аўтографамі.
Беларускае Радыё Рацыя, Слонім