Праваабаронцы назвалі працэс рэгістрацыі „больш дэмакратычным”
“Больш дэмакратычным” называюць праваабаронцы працэс рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты падчас сёлетняй парламенцкай кампаніі. Удзельнікі кампаніі назірання “Праваабаронцы за свабодныя выбары” параўналі колькасць зарэгістраваных груп з мінулымі выбарамі. Найперш звярталі ўвагу на лічбы і на колькасць зарэгістраваных апазіцыйных прэтэндэнтаў – патлумачыў ў нашым эфіры прадстаўнік кампаніі Валянцін Стэфановіч:
– Фактычна абсалютная большасць тых, хто вылучаўся ад апазіцыі, былі зарэгістраваныя. У працэнтных адносінах адмовы ў рэгістрацыі склалі каля 6%, а на папярэдніх выбарах 2012 года – каля 19%. Такім чынам, мы робім выснову, што гэты працэс прайшоў лепей, чым падчас папярэдніх выбараў.
На 11 ліпеня адмоўлена ў рэгістрацыі толькі 25 групам, а гэта менш, чым падчас парламенцкіх выбараў 2012 года. Аднак фіксаваліся асобныя выпадкі, калі ўлады перашкаджалі зарэгістраваць групы апазіцыйных актывістаў. Самы заўважны выпадак, калі акруговая камісія не зарэгістравала актывіста АГП Мікалая Казлова, але памылку выправіла Менская гарадская выбарчая камісія, і ў выніку ініцыятыўную групу палітыка – зарэгістравалі.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя