Старт грамадскай кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” (абноўлена)
Праваабарончы цэнтар “Вясна” і Беларускі Хельсінкскі камітэт – далі старт грамадскай кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Яе мэта – назіранне за ходам прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, ацэнка выбарчага працэсу і забеспячэнне правоў чалавека з пункту гледжання беларускага выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў.
Распавядае Алег Гулак з Беларускага Хельсінскага Камітэт:
– Робім перш за ўсё акцэнт на доўгатэрміновым назіранні. Гэта значыць, што ўсе этапы выбарчай кампаніі мы будзем адсочваць. У нас будуць працаваць 50 доўгатэрміновых назіральнікаў, якія будуць зарэгістраваныя ў тэрытарыяльных камісіях, каб 200 участкаў закрыць на кароткачасовым назіранні – гэта ўжо падчас галасавання. Адзінае, што можам дакладна кантраляваць – яўка выбаршчыкаў.
Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” з’яўляецца незалежнай і палітычна незаангажаванай ніводным з будучых кандыдатаў. Маніторынг будзе праводзіцца цягам усёй выбарчай кампаніі.
Улады зараз зацікаўлены, каб правесці выбары прайшлі больш-меньш ціха і спакойна.
Гаворыць Валянцін Стэфановіч:
– Яны могуць уплываць на фон, на якім адбываюцца выбары. І, можа быць, не будуць затрымліваць актывістаў прэвентыўна, рабіць перашкоды ініцыятыўным групам кандыдатаў і самім кандыдатам у іх агітацыйнай дзейнасці. Тое, што тычыцца транспарэнтнасці, гэта тое, што тычыцца перш за ўсё выбарчай працэдуры. Гэта такія важныя рэчы як падлік галасоў. У гэтай сферы ніяіх зменаў не адбылося.
Напярэдадні міністра замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей адказваючы на пытанне, як выбары паўплываюць на адносіны краіны з заходнімі партнёрамі адзначыў, што Беларусь не павінна прывязвацца ў развіцці адносінаў з ЕС і ЗША да якіх-небудзь канкрэтных падзеяў. Ён таксама дадаў што беларускія ўлады хочуць, каб выбары прайшлі ў максімальна транспарэнтнай манеры. Сустрэча з журналістамі была арганізавана па выніках дыскусіі кіраўнікоў МЗС краін Усходняга партнёрства, якая прайшла ў беларускай сталіцы.
* * *
Кампанія „Праваабаронцы за свабодныя выбары” пачала маніторынг прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Пра гэта было заяўлена 1 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Менску.
Заява з нагоды пачатку кампаніі па маніторынгу выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь:
„Улічваючы важнасць выбараў Прэзідэнта, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый — Беларускага Хельсінкскага камітэта і Правабарончага цэнтра “Вясна”, пачынаем грамадскую кампанію “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Мэтай кампаніі з’яўляецца правядзенне назірання за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ацэнка выбарчага працэсу і забеспячэння правоў чалавека падчас яго правядзення з пункту гледжання беларускага выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаванне беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці аб ходзе выбарчай кампаніі і высновах праведзенага маніторынгу.
Назіранне за выбарамі Прэзідэнта ў межах кампаніі “Правабаронцы за свабодныя выбары” будзе ажыццяўляцца сіламі сябраў нашых арганізацый у строгай адпаведнасці з дзеючым нацыянальным заканадаўствам.
Доўгатэрміновае назіранне за ўсімі этапамі выбарчага працэсу і грамадска-палітычнай сітуацыяй будзе ажыццяўляцца 50 доўгатэрміновымі назіральнікамі, якія размеркаваны па ўсёй тэрыторыі краіны. Доўгатэрміновыя назіральнікі будуць акрэдытаваны ў тэрытарыяльных камісіях па правядзенні выбараў Прэзідэнта (раённых, гарадскіх, абласных і Мінскай гарадской).
За правядзеннем галасавання на выбарчых участках з пачатку датэрміновага галасавання і да падліку галасоў будуць назіраць 400 кароткатэрміновых назіральнікаў на 200 участках для галасавання па ўсё тэрыторыі краіны.
Кампанія “Правабаронцы за свабодныя выбары” з’яўляецца незалежнай і палітычна незаангажаванай. Мы не ставім мэты падтрымкі палітычных партый, а таксама якіх-небудзь палітычных дзеячоў, у тым ліку тых, хто заявіў пра свой намер удзельнічаць у выбарах у якасці кандыдата у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Увесь выбарчы працэс будзе ацэньвацца намі максімальна непрадузята, сыходзячы выключна з прынцыпаў свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў, пры якіх народ нашай краіны можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраванні сваёй краінай і выбар кіраўніка дзяржавы”.
Менск, 1 ліпеня 2015 г.