Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага вызвалення Мікалая Статкевіча



За апошні тыдзень палітычнаму вязню Мікалаю Статкевічу, які адбывае пакаранне ў Шклоўскай папраўчай калоніі №17, вынеслі шэраг спагнанняў, склалі восем актаў. Як паведаміла жонка Міколы Статкевіча, яго пазбавілі каротка-тэрміновага спаткання, якое планавалася ў красавіку, і харчовай перадачы. Акрамя таго, Статкевіча змясцілі ў штрафны ізалятар, а трэцяга красавіка – перавялі на два месяцы ў памяшканне камернага тыпу.

Сітуацыю каментуе намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч:

– Натуральна, што мы расцэньваем гэта як недапушчальныя рэчы – як менавіта ціск, звязаны з палітычных характарам вынесенага прысуду Мікалаю Статкевічу, і мы нагадваем, што не толькі беларускія праваабаронцы, але і міжнародныя правааабрончыя арганізацыі, такія як Эмнісці Інтернешнл, настойваюць на неадкладным і безумоўным вызваленні Мікалая Статкевіча з турмы.

“Трэба прыкладаць больш намаганняў па аказанні ціску на беларускія ўлады з мэтай вызвалення палітычных вязняў”, – кажа Валянцін Стэфановіч.

Беларускае Радыё Рацыя