Праваабаронцы прадставілі вынікі маніторынгу выбараў (абноўлена)



12 кастрычніка ў офісе ПЦ “Вясна” адбылася прэс-канферэнцыя кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” па выніках маніторынгу выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія прайшлі 11 кастрычніка.

pravaabaroci_pres-konf

Удзельнікі прэс-канферэнцыі старшыня РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” Алег Гулак і намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч пракаментавалі выбарчы працэс з пункту гледжання яго адпаведнасці беларускаму заканадаўству і міжнародным стандартам свабодных і дэмакратычных выбараў.

Валянцін Стэфановіч паведаміў, што выбарчы працэс не адпавядаў шэрагу ключавых міжнародных стандартаў правядзення выбараў. Гэта было абумоўлена адсутнасцю роўнага доступу да сродкаў масавай інфармацыі для ўсіх кандыдатаў, адсутнасцю бесстаронніх выбарчых камісій, выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурса на карысць дзеючага кіраўніка дзяржавы, шматлікімі фактамі прымусу выбаршчыкаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, закрытасцю шэрагу выбарчых працэдур для назіральнікаў.

Згодна са справаздачамі назіральнікаў з 326 выбарчых участкаў, ахопленых кампаніяй “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, больш за 92% удзельнікаў назірання адзначылі, што працэс падліку галасоў не адбываўся публічна і празрыста для ўсіх чальцоў выбаркамаў і назіральнікаў. 77 % назіральнікаў паведамілі, што яны не маглі назіраць за падлікам галасоў.

[youtube id=”KZjBcoFeNQk”]

„У выбарчым працэсе ў Беларусі шмат розных тэхнічных нестыковак, складанасцяў і іншых недахопаў, якія трэба паляпшаць”, – сказаў старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак на прэсавай канферэнцыі кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Але галоўная прынцыповая праблема – гэта непразрыстасць працэдуры падліку галасоў.

– Тое, як гэта робіцца: шмат сяброў камісіі адначасова падлічваюць свае пачкі бюлетэняў, а толькі пасля абменьваюцца вынікамі і непублічна гэта робяць – то ад такой працэдуры ні назіральнікі, ні нават самі сябры камісіі не могуць быць упэўнены ў тым, што агучаныя ў выніковым пратаколе лічбы галасавання адпавядаюць рэальнаму волевыяўленню выбаршчыкаў.

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прайшлі ў адносна больш спрыяльных умовах, без моцнага ціску і рэпрэсіяў, чым папярэднія. Аднак сам выбарчы працэс  не адпавядаў шэрагу ключавых міжнародных стандартаў, – да такой высновы прыйшлі сябры кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру „Вясна” Валянцін Стэфановіч нагадаў, што актыўна выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс на карысць дзеючага кіраўніка дзяржавы,  адсутнічаў плюралізм ў выбарчых камісіях, грамадзяне масава прымушаліся да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні:

– І самае асноўнае і галоўнае тое, што мы заўсёды крытыкавалі, і тое, што дае нам падставы сцвярджаць, што выбары не адпавядалі міжнародным стандартам у галіне правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў, – гэта адсутнаць празрыстага падліку галасоў, што не дазваляе нам давяраць тым вынікам, якія былі абвешчаныя ЦВК. І мы лічым, што яны не адлюстроўваюць рэальныя вынікі волевыяўлення беларускіх грамадзянаў.

Шмат  сістэмных, праблемных момантаў выбарчага працэсу назіраюцца ўжо дзесяцігоцці. Але яны не змяняюцца, застаюцца ранейшымі. І тыя рэкамендацыі АБСЕ, якія былі зроблены раней, працягваюць быць нерэалізаванымі і надзвычай актуальнымі, таму што беларускія ўлады ігнаруюць іх, — адзначыў Валянцін Стэфановіч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя