Праваабаронцы праінфармавалі спецдакладчыкаў ААН пра пераслед блогераў (абноўлена)
“Вясна” з дапамогай Валанцёрскай службы падрыхтавалі і накіравалі Спецдакладчыку па пытанні аб праве на свабоду мірных сходаў і асацыяцый, Спецдакладчыку па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне і Спецдакладчыку па пытанні аб палажэнні ў галіне правоў чалавека ў Беларусі паведамленні па факце затрыманняў і шматразовых арыштаў блогераў Сяргея Ціханоўскага і Дзмітрыя Казлова.
Чым беларускія блогеры перашкаджаюць уладам, тлумачыць праваабаронца Валянцін Стэфановіч:
– Іх улады, я так разумею, патэнцыйна расцэньваюць такімі ж небяспечнымі, як і непасрэдных арганізатараў гэтых акцый. Гэтыя людзі распаўсюджваюць інфармацыю, робяць стрымы, і дзякуючы ім тысячы і тысячы людзей могуць глядзець і ведаць пра тое, што адбываецца. Таму для ўладаў яны патэнцыйна небяспечныя.
Як адзначаюць заяўнікі, у снежні 2019 года ў Менску адбыўся шэраг мірных пратэстаў у падтрымку незалежнасці Беларусі, за ўдзел у якіх актывісты былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе буйных штрафаў і арыштаў. Беларускія суды палічылі парушэннямі – удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах або заклікі да ўдзелу ў іх праз Інтэрнэт. Асаблівую занепакоенасць у праваабаронцаў выклікалі рэпрэсіі ў дачыненні да блогераў, што распаўсюджвалі інфармацыю пра будучыя мірныя сходы ды асвятлялі іх.
Пачаліся выбары. Так Валянцін Стэфановіч тлумачыць хвалю рэпрэсій супраць удзельнікаў антыінтэграцыйных пратэстаў. Па падліках праваабаронцаў “Вясны”, за снежань і студзень у краіне адбылося больш за 140 судовых пасяджэнняў, дзе судзілі актывістаў за ўдзел у акцыях 7,8,20 і 21 снежня. На 15 студзеня агульная сума штрафаў, атрыманых удзельнікамі акцый, склала амаль 100 тысяч рублёў (каля 47000$). 11 чалавек асуджаны агулам на 225 сутак арышту. І наперадзе чакаецца яшчэ каля дзясятка судоў. Тлумачыць Валянцін Стэфановіч з праваабарончага цэнтра «Вясна»:
– Для ўладаў на дадзены момант важна дэманстраваць, што выхады на вуліцу будуць жорстка карацца штрафамі і арыштамі. І для іх вельмі важна, каб у выбарчы год было як мага меней такіх выступаў. Для іх не столькі важна парадак дня, па якому адбываюцца гэтыя масавыя сходы, а проста не вітаюцца любыя публічныя дыскусіі на любыя тэмы.
Праз пяць дзён пасля старту кампаніі BY_Help для дапамогі рэпрэсаваным за акцыі ў падтрымку незалежнасці ўжо сабрана больш за 18000 даляраў. Гэтыя грошы пойдуць на аплату штрафаў і ўтрымання на сутках асуджаных актывістаў.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя