Праваабаронцы прызналі Афнагеля, Войніча і Юхневіча палітвязнямі
Беларускія праваабаронцы прызналі актывістаў кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Паўла Юхневіча, Яўгена Афнагеля і Андрэя Войніча, затрыманых у межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках, палітычнымі зняволенымі і патрабуюць іх неадкладнага вызвалення і спынення крымінальнага пераследу.
Пад сумеснай заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр „Вясна”, РГА „Прававая ініцыятыва”, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве „Хьюман канстанта”, Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў, простае таварыства „Ініцыятыва FORB”.
„Мы ацэньваем пераслед Андрэя Войніча, Яўгена Афнагеля і Паўла Юхневіча, якія былі абвінавачаныя па арт. 293 КК („Масавыя беспарадкі”), як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі з іх публічнай палітычнай дзейнасцю і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі”, — гаворыцца ў заяве.
Праваабаронцы заклікаюць улады вызваліць усіх палітвязняў і грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у перыяд пасля выбараў, і спыніць палітычныя рэпрэсіі.