Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 12 чалавек
Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязнямі яшчэ 12 чалавек. Іх агульная колькасць у краіне дасягнула 833.
Паводле заявы праваабаронцаў ад 26 кастрычніка, палітвязнямі прызнаныя:
Сяргей Прус і Дзмітрый Бондараў – прыгавораны да пяці гадоў пазбаўлення волі па ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці) за стварэнне і публікацыю відэароліка з заклікамі да супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў АМАП ГУУС Магілёўскага аблвыканкама;
Дзмітрый Сончык – прысуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі па арт. 364 (гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) і арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) за абразы і пагрозы супрацоўнікам АУС у каментарах у тэлеграм-канале;
Андрэй Разуваеў – асуджаны на чатыры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу па арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) за абразу прадстаўніка ўлады і захоўванне пораху, які застаўся ў абвінавачанага з часоў занятку паляваннем;
Ірына Мельхер, Антон Мельхер, Галіна Дзербыш, Сяргей Разановіч, Любоў Разановіч і Павел Разановіч – з пачатку снежня 2020 года знаходзяцца пад вартай па абвінавачанні ў тэрарызме. Актыўных следчых дзеянняў у дачыненні да іх не праводзіцца, расследаванне не завяршаецца;
Яўген Юшкевіч – былы следчы, узяты пад варту па абвінавачванні ў тэрарызме, а таксама па арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і 293 КК (масавыя беспарадкі). Раней быў прызнаны палітвязнем у сувязі з узяццем пад варту па арт. 342 КК, пасля мера стрымання была зменена на падпіску аб нявыездзе, у красавіку 2021 года ён быў затрыманы зноў;
Яўген Буйніцкі – узяты пад варту ў сувязі з абвінавачаннем па ч. 3 арт. 371 КК (наўмыснае незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы, учыненае арганізаванай групай) за арганізацыю незаконнага перасячэння мяжы грамадзянамі, якія „ратуюцца ад палітычна матываванага пераследу ўладамі Беларусі”.
«Дзеянні ўсіх пералічаных асоб не былі звязаныя з непасрэдным ужываннем гвалту», – гаворыцца ў заяве.
Праваабаронцы патрабуюць «перагледзець прынятыя ў дачыненні да названых палітвязняў меры, працэсуальныя рашэнні і прысуды пры выкананні права на справядлівае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на рашэнні аб меры стрымання і прысуды».
Таксама яны патрабуюць „вызваліць палітвязняў, пазбаўленых волі за рэалізацыю асноўных правоў і свабод, і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны”.