Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 11 чалавек



Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітычнымі вязнямі яшчэ 11 чалавек. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве, апублікаванай на праваабарончым сайце spring96.org.

Такім чынам, цяпер у Беларусі 239 палітвязняў.

Чарговая заява праваабарончай супольнасці прынятая ў сувязі з вынясеннем судамі шэрагу прыгавораў па крымінальных справах, звязаных з абвінавачваннямі ў супраціве супрацоўніку міліцыі падчас аховы грамадскага парадку (арт. 363 Крымінальнага кодэкса), гвалтам альбо пагрозай прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі (арт. 364 КК), гвалтам альбо пагрозай гвалту ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі (арт. 366 КК).

Палітвязнямі прызналі Антона Валавіка (3 гады пазбаўлення волі па арт. 342 і 364 КК), Арцёма Ісакава і Аляксея Губіча (абодва — 3 гады, арт. 364 КК), Івана Канявегу (3 гады, арт. 342, 218, 364 КК), Руслана Акостку (3 гады, арт. 363 КК), Дзмітрыя Гопту і непаўналетняга Віталя Прохарава (абодва — 2 гады, арт. 342 і 364 КК), Вадзіма Гурмана (3,5 года, арт. 342 і 364 КК), Аляксея Чарвінскага (4 гады, арт. 364 КК); Андрэя Хранкова і Сяргея Раткевіча (абодва — 5 гадоў, арт. 364 УК).

Праваабаронцы лічаць неабходным „патрабаваць для дадзеных палітычных зняволеных неадкладнага перагляду прынятых у дачыненні да іх мер і судовых рашэнняў пры выкананні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі ўказаных фактараў, а таксама вызвалення іх з-пад варты з прымяненнем іншых мер, якія забяспечваюць яўку ў суд”.

„Мірныя сходы грамадзян павінны знаходзіцца пад абаронай дзяржавы, і міліцыя не павінна прадпрымаць дзеянні па гвалтоўным іх спыненні, нават калі яны адбываюцца ў парушэнне працэдур іх арганізацыі і правядзення, — гаворыцца ў заяве. — Гвалтоўнае спыненне сходаў і прымяненне фізічнай сілы, а тым больш спецыяльных сродкаў і зброі да пратэстоўцаў павінна ажыццяўляцца толькі як крайняя мера, у выпадках калі паводзіны ўдзельнікаў сходу носяць гвалтоўны характар, што ўяўляе рэальную пагрозу нацыянальнай і грамадскай бяспецы, жыццю і здароўю грамадзян”.

„Непрапарцыйна жорсткія дзеянні міліцыі, скіраваныя на спыненне мірных сходаў, нельга разглядаць як законную дзейнасць па абароне і ахове грамадскага парадку, а ў выпадках прычынення ў дачыненні да прадстаўнікоў МУС справакаванага імі ж гвалту „ў адказ” з боку пратэстоўцаў дадзеныя дзеянні неабходна разглядаць зыходзячы з цяжкасці прычыненай шкоды здароўю і намеру на прычыненне такой шкоды, а таксама як абарону ад відавочна неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія дзейнічалі ў тым ліку па незаконным загадзе (неабходная абарона)”, — падкрэслілі праваабаронцы.

Яны адзначылі, што сітуацыя, калі гвалт „быў справакаваны зыходным непрапарцыйным выкарыстаннем фізічнай сілы, спецсродкаў”, а ў абвінавачваных адсутнічалі намеры нанесці „несімвалічную матэрыяльную шкоду”, дае падставы разглядаць згаданых грамадзян у якасці палітвязняў.

Акрамя таго, маніторынг судовых пасяджэнняў паказаў, што „суды выносяць непрапарцыйна жорсткія (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім абвінавачваюцца асобы, прысуды ў параўнанні з прысудамі, якія выносіліся па такіх жа катэгорыях спраў па-за палітычным кантэкстам”.

У шэрагу выпадкаў, звяртаецца ўвага ў заяве, суды прайшлі ў закрытым рэжыме — без прадстаўнікоў грамадскасці, праваабаронцаў і СМІ. Пастановы суда аб правядзенні закрытых пасяджэнняў „не былі абумоўленыя неабходнасцю абароны дзяржаўнай таямніцы ці інфармацыі асабістага характару ўдзельнікаў працэсу, непажаданай да публічнага распаўсюду”.

„Усе гэтыя акалічнасці даюць падставы сцвярджаць, што пераслед указаных асобаў носіць палітычна матываваны характар, а самі асобы з’яўляюцца палітычнымі зняволенымі”, — аргументавалі сваю пазіцыю праваабаронцы.

Заяву падпісалі пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend), Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, арганізацыі „Хьюман канстанта”, „Прававая ініцыятыва”, група „Ідэнтычнасць і права”.

belapan.by