Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ шэсць чалавек



Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ шэсць чалавек, гаворыцца ў сумеснай заяве, апублікаванай на праваабарончым сайце spring96.org.

Цяпер у краіне налічваецца 285 палітвязняў.

Палітвязнямі прызнаныя Кіра Баярэнка і Вольга Глушань (знаходзяцца пад вартай, выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 КК), Валерый Мельнічук і Іван Дацышын (пад вартай, абвінавачваюцца паводле ч. 2 арт. 293 КК), непаўналетнія Дзяніс Хазей і Сяргей Гацкевіч (абодва асуджаныя на тры гады пазбаўлення волі паводле ч. 2 арт. 293 КК).

Праваабаронцы ацэньваюць пераслед вышэйпералічаных як палітычна матываваны „ў сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, патрабуюць вызваліць іх і іншых грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарны перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

„Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, — гаворыцца ў заяве. — Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб”.

Выступленні грамадзян, перакананыя праваабаронцы, насілі „стыхійны, самаарганізаваны характар” і былі выкліканыя недаверам да вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года, якія „праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя”.

„Сходы грамадзян насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы, — падкрэсліваецца ў дакуменце. — Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі. Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат”.

Дэманстрантамі, адзначылі праваабаронцы, не здзяйсняліся дзеянні, якія б маглі кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. „Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам”, — гаворыцца ў дакуменце. Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў „патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі”.

Заяву падпісалі пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend), Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі ПЭН-цэнтр, „Ініцыятыва FORB”.

belapan.by