Праваабаронцы прызналі палітвязнямі Ігара Банцэра і Юлію Бодак



Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ двух чалавек: Ігара Банцэра і Юлію Бодак, якія абвінавачаныя ў хуліганстве (арт. 339 Крымінальнага кодэкса).

Гарадзенскі музыкант Банцэр быў затрыманы 20 кастрычніка 2020 года. Абвінавачваецца ў тым, што дэманстраваў інтымныя часткі цела перад міліцыянерам. Музыкант заяўляе, што гэта быў перформанс з танцам, падчас якога ён зняў шорты, аднак заставаўся ў стрынгах, а спераду яго прыкрывала паясная сумка. Банцэр лічыць справу палітычна матываванай. 3 сакавіка, у першы дзень судовага працэсу, ён абвясціў сухую галадоўку.

Жыхарка Берасця Юлія Бодак знаходзіцца пад дамашнім арыштам. Абвінавачваецца ў тым, што 23 кастрычніка 2020 года вырабіла пудзіла, „прадстаўляючы яго перад грамадскасцю як прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, прымацаваўшы да яго два аркушы паперы, на якія неўстаноўленая асоба нанесла надпіс „Скраў галасы” і „Асудзіў невінаватых”. Пудзіла вісела на дрэве каля Варшаўскай шашы на аглядзе „нявызначанага кола асоб”.

Агульная колькасць палітвязняў у краіне ўзрасла да 287, паведамляе spring96.org.