Праваабаронцы прызналі палітзняволеным Паўла Спірына
Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітзняволеным блогера Паўла Спірына, якога Мінскі гарадскі суд 5 лютага прыгаварыў да чатырох з паловай гадоў калоніі паводле артыкула аб распальванні варожасці. Адпаведная заява апублікаваная на праваабарончым сайце spring96.org.
Адзначана, што летась блогер заявіў пра намер стаць кандыдатам у прэзідэнты, аднак ЦВК адмовіла ініцыятыўнай групе ў рэгістрацыі. Пасля Спірын стаў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.
„Павел Спірын дапусціў рэзкія выказванні ў дачыненні да А.Лукашэнкі ў сваім выступе на пасяджэнні ЦВК, якое транслявалася ў прамым эфіры, што магло стаць адной з прычын пераследу”, — звярнулі ўвагу праваабаронцы. Яны адзначылі, што ў 2019 годзе яго фільм „Грань” быў унесены ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, але справа ў сувязі з гэтым фільмам была распачатая толькі пасля актыўнага ўдзелу блогера ў перадвыбарнай кампаніі 2020 года.
Спірына затрымалі 4 верасня, вызвалілі праз тры дні, а затым зноў затрымалі 9 верасня — пасля выхаду новага роліка. Яму выставілі абвінавачанне згодна з ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці). Сацыяльнай групай, у дачыненні да якой распальвалася варожасць, паводле версіі абвінавачання, была „іншая група асоб, аб’яднаных па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці, а менавіта работнікі пракуратуры, суддзі, дэпутаты, вышэйшыя службовыя асобы Рэспублікі Беларусь, супрацоўнікі міліцыі, супрацоўнікі АМАП і нават міністр унутраных спраў Рэспублікі Беларусь”.
Мы лічым, што прысуд Паўлу Спірыну з’яўляецца недапушчальным абмежаваннем свабоды выказвання меркавання, які стварае новыя небяспечныя формы пераследу грамадзян за публічную крытыку дзейнасці дзяржаўных органаў і прадстаўнікоў улады, — гаворыцца ў заяве. — У сувязі з гэтым мы адзначаем, што прадстаўнікі дзяржаўных органаў, і органаў міліцыі ў прыватнасці, не з’яўляюцца асобнай сацыяльнай групай, а крымінальная адказнасць за распальванне варожасці ў першую чаргу павінна прадухіляць распальванне варожасці ў дачыненні да ўразлівых груп грамадства, а ніяк не прадстаўнікоў улады, дзяржаўных органаў, і міліцыі ў прыватнасці”.
Праваабаронцы патрабуюць ад уладаў адмяніць прысуд і вызваліць Спірына, апрача таго, „неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарны перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны”.
Дакумент падпісалі праваабарончы цэнтр „Вясна”, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі дакументацыйны цэнтр, арганізацыі „Х’юман канстанта”, „Прававая ініцыятыва”, „Ініцыятыва FORB”, Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend) і Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Фота: Наша Ніва