Праваабаронцы прызналі Сафію Сапегу палітзняволенай
Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ пяць чалавек, вынікае з сумеснай заявы, апублікаванай на праваабарончым сайце spring96.org.
Палітвязнямі прызнаныя ўзятыя пад варту, абвінавачваныя альбо асуджаныя паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Аляксандр Храпко, Ігар Вінакураў, паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 293 КК (арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках) — Эдуард Кудынюк, Аляксандр Вінярскі (абодва непаўналетнія) і Сафія Сапега (сяброўка Рамана Пратасевіча, грамадзянка РФ, дадаткова падазраецца паводле ч. 1 арт. 342 КК).
Праваабаронцы расцэньваюць іх пераслед як палітычна матываваны „ў сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання” наконт вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Яны патрабуюць неадкладна вызваліць іх з-пад варты і спыніць іх крымінальны пераслед, а таксама выпусціць на свабоду ўсіх палітвязняў, грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарны перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.
У заяве адзначана, што свабода мірных сходаў гарантаваная арт. 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэтая свабода „не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб”.
„Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя, — падкрэслена ў дакуменце. — Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспекі. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі”.
Праваабаронцы звярнулі ўвагу на тое, што ўпершыню ў гісторыі Беларусі „ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты”, пры гэтым „асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат”. Беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады краіны.
Дэманстранты, перакананыя праваабаронцы, не рабілі дзеянняў, якія можна кваліфікаваць як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў „не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам”.
„Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі”, — гаворыцца ў дакуменце.
Заяву падпісалі пазбаўлены рэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend), Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, арганізацыі „Прававая ініцыятыва”, „Хьюман канстанта”, „Ініцыятыва FORB”.
Такім чынам, на 26 мая палітвязнямі ў краіне прызнаныя 426 чалавек.
Фота: gazeta.ru