Праваабаронцы: У месцах несвабоды знаходзяцца 169 палітвязняў



У снежні ўлады працягвалі актыўна прымяняць крымінальны пераслед грамадзян па палітычных матывах, гаворыцца ў снежаньскай справаздачы аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, падрыхтаванай праваабарончым цэнтрам „Вясна”.

„У месцах несвабоды знаходзяцца 169 палітвязняў, іх колькасць працягвае павялічвацца, — адзначаецца ў дакуменце. — Агульная ж колькасць грамадзян, у дачыненні да якіх былі распачатыя крымінальныя справы ў выбарчы і поствыбарчы перыяд, склала больш за 900 чалавек”.

Улады працягвалі „практыку гвалтоўных спыненняў мірных дэманстрацый пратэсту і прымянення гвалту ў дачыненні да іх удзельнікаў”, канстатуюць праваабаронцы. „Агульная колькасць грамадзян, затрыманых за ўдзел у сходах цягам месяца, склала не менш за 750 чалавек”, — гаворыцца ў справаздачы.

Паводле дадзеных „Вясны”, у снежні судамі разгледжана не менш як 700 адміністрацыйных спраў. З іх праваабаронцам вядома пра накладзеныя на 200 чалавек штрафы ў суме 5.510 базавых велічынь (каля 150 тысяч рублёў); 481 чалавек 486 разоў быў адміністрацыйна арыштаваны ў агульнай складанасці на 6.918 сутак.

У справаздачы падкрэсліваецца, што органамі пракуратуры і Следчым камітэтам так і не распачата ніводнай крымінальнай справы па фактах сістэмных і масавых катаванняў затрыманых грамадзян у перыяд з 9 па 12 жніўня 2020 года, не праведзена расследавання па фактах гібелі як мінімум трох удзельнікаў пратэстаў — Генадзя Шутава, Аляксандра Тарайкоўскага і Рамана Бандарэнкі, а таксама смерці Аляксандра Віхора.

Праваабаронцы працягваюць фіксаваць шматлікія факты катаванняў і жорсткага абыходжання ў дачыненні да затрыманых удзельнікаў мірных сходаў, а таксама рэпрэсій у дачыненні да журналістаў і блогераў.

У цэлым, заяўляюць праваабаронцы, сітуацыя з правамі чалавека ў краіне ў снежні пагоршылася. „Цягам месяца назіралася далейшае ўзмацненне рэпрэсій і актывізацыя палітычна матываванага крымінальнага пераследу. Гэтая акалічнасць сведчыць аб далейшым пагаршэнні крызісу з правамі чалавека ў краіне”, — гаворыцца ў справаздачы.

Адзначаецца, што ў снежні суды разглядалі справы, звязаныя з абвінавачаннямі ва ўжыванні гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, супрацівам з ужываннем гвалту (арт. 363, 364, 366 КК).

„Як паказалі вынікі маніторынгу судовых працэсаў па некаторых з гэтай катэгорыі спраў, суды пры іх разглядзе не даюць належнай ацэнкі законнасці дзеянняў супрацоўнікаў АУС і пры вынясенні прысудаў першапачаткова зыходзяць з таго, што яны ажыццяўлялі сваю законную дзейнасць па ахове грамадскага парадку пры правядзенні грамадзянамі несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў. Затрыманні ўдзельнікаў такіх сходаў і прымяненне ў дачыненні да іх фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў таксама, на думку суддзяў, носіць законны характар. Адпаведна ўсякага роду непадпарадкаванне, супраціў, а тым больш прымяненне гвалту ў дачыненні да прадстаўнікоў МУС, на іх думку, з’яўляецца злачынным”, — гаворыцца ў дакуменце.

Паказальным у гэтай сувязі праваабаронцы лічаць судовы працэс у дачыненні да грамадзянкі Беларусі і Швейцарыі Наталлі Хершэ, якая была асуджаная па арт. 363 КК (супраціў супрацоўніку міліцыі) на два з паловай гады пазбаўлення волі і прызнаная беларускай праваабарончай супольнасцю палітвязнем.

У справаздачы таксама гаворыцца пра суд па справе аб хуліганстве (арт. 339 КК) за нанясенне надпісу „Не забудзем” на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага каля станцыі метро „Пушкінская” ў Мінску. „Усяго за нанясенне гэтага надпісу былі асуджаныя пяць чалавек, двое з якіх, Уладзіслаў Гуліс і Максім Паўлюшчык, пазбаўленыя волі на два гады, а Дзяніс Граханаў і Ігар Самусенка прыгавораныя да паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Марыя Бабовіч асуджаная на 18 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу”, — адзначаюць праваабаронцы.

Прыведзеная ў справаздачы і яшчэ адна катэгорыя крымінальных спраў паводле арт. 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), 369 (абраза службовай асобы), а таксама справы, звязаныя са здзекам з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370). Большасць абвінавачваных па гэтых артыкулах былі прыгавораныя да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу.

Адзначаецца, што найбольшая колькасць крымінальных спраў была распачатая па арт. 293 (масавыя беспарадкі), а таксама па арт. 342 (арганізацыя альбо ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

У справаздачы прыводзяцца прыклады і іншых крымінальных спраў у дачыненні да ўдзельнікаў акцый пратэсту.

Акрамя таго, у справаздачы гаворыцца пра парушэнні правоў грамадзян на мірныя сходы і пра пераслед журналістаў. Згадваецца, што 3 снежня Эканамічны суд Мінска пастанавіў пазбавіць інтэрнэт-партал TUT.by статусу СМІ, а 22 снежня ў беларускім „Прэс-клубе” быў праведзены вобшук, затрымана пяць яго супрацоўнікаў, а таксама былая журналістка Белтэлерадыёкампаніі.

belapan.by