Праваабаронцы “Вясны” адмаўляюцца назваць Бандарэнку палітвязнем



Крымінальны пераслед праваабаронцы, які ўтрымліваецца ў магілёўскай турме, варта прызнаць палітычна матываваным. Група незалежных юрыстаў правяла незалежную экспертызу справы кіраўніка праваабарончай установы „Платформа інавейшн” Андрэя Бандарэнкі. На думку экс-суддзі Канстытуцыйнага суда Міхаіла Пастухова, юрыстаў Аляксандра Дабравольскага, Ігара Рынкевіча, Юрыя Валчка і былога работніка пракуратуры Алега Волчака, прыгавор суда ад 12-га жнiўня мінулага году з’яўляецца „неабгрунтаваным і незаконным”.

Праваабаронцы з цэнтра “Вясна”, аднак, не збіраюцца прызнаць Бандарэнку палітычным вязнем, кажа Таццяна Равяка:

– Нашае меркаванне адносна справы Андрэя Бандарэнкі не змянілася. Ва ўладаў было жаданне з ім расправіцца. Але ў дадзенай сітуацыі былі здзейсненыя супрацьпраўныя дзеянні супраць асобаў, якія таксама мусяць мець адпаведную прававую ацэнку. Мы не зменім сваё меркаванне. Асоба, якая здзяйсняе супрацьпраўнае дзеянне супраць іншай асобы, не прызнаецца палітычным вязнем.

Група юрыстаў мяркуе, што крымінальная справа ў дачыненні да дырэктара культурна-асветніцкай установы „Платформа інавейшн” „знаходзіцца ў непарыўнай сувязі з крымінальным пераследам” заснавальніка арганізацыі Міхаіла Жамчужнага. Раней беларускія праваабарончыя арганізацыі ўжо прызналі Жамчужнага палітычным вязнем.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя