Праваабаронцы: Выбары нельга прызнаць свабоднымі і справядлівымі



Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” правяла прэс-канферэнцыю па выніках маніторынгу парламенцкіх выбараў.

Галоўную думку агучыў каардынатар кампаніі Уладзімір Лабковіч:

– На жаль, нашая кампанія прыйшла да высновы, што выбары чарговы раз у Беларусі прайшлі з грубейшымі парушэннямі міжнародных абавязальніцтваў, якія Беларусь на сябе ўзяла, і нацыянальнага заканадаўства ў галіне свабодных, справядлівых і дэмакратычных выбараў. То-бок, выбары, якія былі ў Беларусі абсалютна не адпавядаюць ні міжнародным нормам, ні нацыянальнаму заканадаўству, і не могуць з’яўляцца справядлівымі.

Праваабаронцы вылучылі некалькі самых балючых кропак у правядзені выбараў. Па-першае, гэта прымус да датэрміновага галасавання – у ім прыняў удзел 35,77% ад усіх выбаршчыкаў. Па-другое, гэта несупадзенне яўкі: на некаторых участковых выбарчых камісіях розніца ў дадзеных па яўцы выбаршчыкаў на датэрміновым галасаванні насіла анамальны характар — у два, тры, пяць і нават адзіннацаць разоў болей за дадзеныя, якія прадставілі незалежныя назіральнікі. І па-трэцяе, гэта падлік галасоў. На пытанне “Ці праходзіў падлік галасоў галосна і празрыста для ўсіх сябраў камісіі?” толькі 1,3% ад незалежных назіральнікаў адказала станоўча.

Але падчас выбараў быў заўважаны і адзін пазітыўны момант. Беларускія ўлады разумеюць, што ёсць некаторыя межы, якіх не варта пераходзіць, кажа каардынатар Алег Гулак:

– Ёсць сур’ёзныя патрабаванні міжнароднай супольнасці не ўжываць сілу да мірных пратэстаў, да тых людзей, якія выказваюць падчас выбараў іншыя меркаванні, іншыя думкі. Беларускія ўлады ўсё ж такі гэтую мяжу ўспрымаюць. Гэта момант важны, відаць, гэта перш за ўсё уплыў геапалітычнага фактара.

Кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” дапамагалі на ўчастках назіраць каля 200 незалежных назіральнікаў. Каардынатары кампаніі выказваюць ім шчырую падзяку.

Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя