“Праваабаронцы за свабодныя выбары” фіксуюць першыя парушэнні



Праваабарончы цэнтр “Вясна”, які займаецца назіраннем за выбарчым працэсам у рамках кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, ужо зафіксаваў факты парушэнняў выбарчага заканадаўства з боку ўлады. Назіраюцца перашкоды ў дзейнасці доўгатэрміновых назіральнікаў, выяўленыя факты правядзення закрытых паседжэнняў выбарчых камісіяў без запрашэння назіральнікаў, зноў выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс, -гаворыць юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч.

– Зараз ідзе збор подпісаў. Ідзе квола. Ёсць пэўныя паведамленні, што выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс. Мы пісалі пра гэта, напрыклад, пра выпадак у Крычыве. На нейкіх іншых прадпрыемствах людзей падпісваюць у пацоўны час пры ўдзеле адміністрацыі. Ёсць перашкоды ў зборы подпісаў у інтэрнатах – традыцыйна старая хвароба, камендант у нас галоўны чалавек у краіне, маўляў, не дазваляю, не пускаю.

У цэлым, як адзначае Валянцін Стэфановіч, кампанія праходзіць вельмі квола і застаецца малапрыкметнай для беларускага грамадства.  Не апошнюю ролю ў гэтым грае і недастатковае асвятленне выбарчай кампаніі як у дзяржаўных, гэтак і ў незалежных сродках масавай інфармацыі.

Беларускае Радыё Рацыя