“Праваабаронцы за свабодныя выбары” абвясцілі пачатак кампаніі назірання 



Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” правяла анлайнавую прэс-канферэнцыю, на якой абвясціла пачатак кампаніі доўгатэрміновага назірання за прэзідэнцкімі выбарамі.

На фота: каардынатары кампаніі Уладзімір Лабковіч і Алег Гулак

У дачыненні да іх існуюць дзве вялікія пагрозы, адзначыў Уладзімір Лабковіч, каардынатар кампаніі і праваабаронца “Вясны”:

– Першае — гэта традыцыйныя сістэмныя фальсіфікацыі, якія мы назіралі падчас мінулых выбараў. І мы з сумам адзначаем, што ўлады не выкарысталі час паміж выбарамі, каб імплементаваць тыя рэкамендацыі, якія выказвалі міжнародныя назіральнікі і назіральнікі нацыянальныя, каб зрабіць нашае заканадаўства хоць нейкім чынам такім, каб даць большую верагоднаць правядзенню свабодных і дэмакратычных выбараў. А другая пагроза – гэта ўмовы пандэміі, калі грамадства можа быць пазбаўлена ўвогуле магчымасці прымаць удзел у фармаце выбараў.

Людзі баяцца COVID-19, і гэта можа стаць перашкодай для актыўнага ўдзелу ў выбарчых мерапрыемствах, у тым ліку і ў этапе збору подпісаў. “Галоўнае — захаваць баланс празрыстасці выбараў з аднаго боку, і эпідэміялагічнай бяспекі, з іншага”, — падкрэсліваюць праваабаронцы.

Акрамя таго, праваабаронцы звярнулі ўвагу на тое, што ўлады пачалі выбарчыю кампанію з прамных рэпрэсій да грамадзянскай супольнасці — палітычных актывістаў, і, што самае прыкрае, да журналістаў і праваабаронцаў. Больш за 100 чалавек было затрымана за сустрэчы з блогерам Ціханоўскім і ўдзел у акцыях “кармлення галубоў”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары” – гэта сумесная кампанія Беларускага Хельсінкскага Камітэта і Праваабарончага Цэнтра “Вясна”. Кампанія ажыццяўляе нейтральнае назіранне за выбарамі.  Яе задача — даць ацэнку таму, наколькі ў грамадзянаў Беларусі была магчымасць абіраць і быць абранымі падчас выбарчай кампаніі.

Поўная трансляцыя анлайн-канферэнцыі змешчана тут.

Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск