Праваабаронцы заклікаюць да стрыманасці і непрымянення гвалту падчас мірных сходаў



У сувязі з магчымымі акцыямі пратэсту ў гарадах Беларусі найбліжэйшымі днямі прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый звярнуліся да ўладаў і праваахоўных органаў, кандыдатаў у прэзідэнты і грамадзян з заклікам да стрыманасці і непрымянення гвалту.

У сумеснай заяве праваабарончых арганізацый, якая размешчаная на сайце elections2020.spring96.org, адзначаецца, што права на свабоду мірных сходаў разам з правам на ўдзел у кіраванні сваёй краінай з’яўляецца адным з асноўных правоў чалавека. Гэтае права замацаванае ў Канстытуцыі Беларусі і з’яўляецца часткай міжнародна-прававых абавязацельстваў краіны.

„Дзяржава, яе органы і службовыя асобы абавязаныя забяспечыць людзям рэалізацыю права на мірныя сходы, у тым ліку на акцыі пратэсту. Мы звяртаем увагу на тое, што абароне падлягаюць менавіта мірныя сходы: калі яго арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар”, — падкрэсліваецца ў заяве.

У сувязі з гэтым праваабаронцы звяртаюцца да арганізатараў і ўдзельнікаў пратэсных акцый з заклікам выказваць сваё меркаванне выключна мірна і не ўжываць гвалт ні да супрацоўнікаў органаў аховы правапарадку, ні да цывільных асоб.

„Адначасова мы заклікаем органы аховы правапарадку абараняць удзельнікаў мірнага сходу ад любой асобы або групы асоб (у тым ліку ад магчымых правакатараў), якія могуць паспрабаваць якім-небудзь спосабам сарваць гэты сход, абцяжарыць яго правядзенне або ператварыць яго ў масавыя беспарадкі”, — гаворыцца ў заяве.

„Органы аховы правапарадку не павінны дапусціць сітуацыю 19.12.2010 года: тады незаконныя дзеянні асобных удзельнікаў мірнага сходу, якія не былі своечасова спыненыя органамі правапарадку, прывялі да непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі па разгоне ўсяго мірнага сходу, да выкарыстання фізічнай сілы і спецсродкаў да яго ўдзельнікаў, масавых арыштаў. Тыя падзеі дорага каштавалі як многім беларусам, так і краіне ў цэлым”, — падкрэсліваюць праваабаронцы.

Яны адзначаюць, што разганяць сход не варта ў тых выпадках, калі маюць месца гвалтоўныя дзеянні з боку невялікай групы ўдзельнікаў сходу. У такой сітуацыі варта прыняць меры ў дачыненні да гэтых асоб. „Аналагічным чынам, калі на сход, які ў цэлым праходзіць мірна, пранікаюць правакатары, то замест датэрміновага спынення або разгону сходу альбо аб’явы яго незаконным органам улады варта прыняць адпаведныя меры для выдалення такіх правакатараў”, — тлумачаць сваю пазіцыю праваабарончыя арганізацыі.

„Мы заклікаем прадстаўнікоў праваахоўных органаў не затрымліваць і не ўжываць фізічную сілу да грамадзян толькі за факт іх удзелу ў мірным сходзе. Наяўнасць у праваахоўных органаў паўнамоцтваў, якія прадугледжваюць магчымасць умяшання і разгону незаконнага сходу або магчымасць прымянення сілы, не азначае, што такія паўнамоцтвы варта выкарыстоўваць заўсёды. У выпадку мірнага цячэння сходу, арганізаванага з парушэннем заканадаўства, неўмяшанне або актыўнае спрыянне правядзенню такога сходу можа часам апынуцца найлепшым спосабам забяспечыць яго мірны зыход”, — гаворыцца ў заяве.

Праваабаронцы таксама заклікаюць усіх удзельнікаў магчымых супрацьстаянняў вырашаць любыя спрэчныя сітуацыі толькі шляхам дыялогу і перамоў.

„Усім нам трэба будзе прайсці няпросты шлях вырашэння назапашаных супярэчнасцяў, пошуку грамадскай згоды. Толькі адмова ад гвалту ўсімі ўдзельнікамі гэтага працэсу дасць магчымасць пазбегнуць непапраўных наступстваў, не дазволіць зламаць чалавечыя лёсы і далей нам самім будаваць наш дом, нашу краіну”, — падкрэсліваецца ў заяве.

Дакумент падпісалі РПГА „Беларускі Хельсінкскі камітэт”, пазбаўлены рэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”, ініцыятыўная група „Ідэнтычнасць і права”, Беларускі ПЭН-цэнтр, Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі, кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве „Хьюман канстанта”.

belapan.by