Праваабаронцы: затрымалі ўжо дзясяткі назіральнікаў
Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманне дзясяткаў назіральнікаў у апошні дзень датэрміновага галасавання, 8 жніўня.
Паводле праваабарончага цэнтра «Вясна», 8 жніўня ў Беларусі затрымалі як мінімум 34 назіральнікі. Больш за 20 чалавек – у Менску.
Станам на раніцу 9 жніўня затрымалі не менш за 28 назіральнікаў кампаніі «Права выбару-2020», якая аб’ядноўвае апазіцыйныя партыі і рухі. Месцазнаходжанне 8 чалавек высвятляецца, яны з вечара не выходзяць на сувязь. Агулам за час назірання затрымалі сама меней 37 назіральнікаў «Права выбару – 2020».
«Незалежных назіральнікаў не толькі не пускаюць на выбарчыя ўчасткі, але і масава затрымліваюць без якіхсьці законных падставаў. Такіх беспрэцэдэнтных рэпрэсіяў супраць незалежных назіральнікаў не было за ўвесь час правядзення выбараў у нашай краіне. У 2020 годзе ў Беларусі ўлады ліквідавалі незалежнае назіранне», – пракаментаваў нацыянальны каардынатар кампаніі Віталь Рымашэўскі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: pvby.org