Правакацыі падчас пікетаў апазіцыі ў Баранавічах
У Баранавічах пачаліся правакацыі падчас пікетаў апазіцыі. Асабліва актыўнічае пажарная частка, начальнік якой таксама збіраецца балатавацца. Напрыклад, падчас пікета Таццяны Малашчанкі ля кінатэатра ў цэнтры горада ў час пік быў перакрыты доступ да месца пікета.
Падчас пікета за Статкевіча на гэтым жа месцы з сірэнамі прыехала 6 пажарных машын і хуткая. Пікет давялося звярнуць. Акрамя гэтага выкарыстоўваюць правакатараў, якія па чарзе падыходзяць і замінаюць працаваць, кажа Таццяна Малашчанка:
– Былі правакацыі. Першая правакацыя, падышоў, як аказалася пасля інвалід ІІ групы, пачаў абражаць, Лукашэнку хваліць. Яго пасля міліцыя забрала. Праз некаторы час падышоў як бы “свой” , сказаў, што хоча за бел-чырвона-белы сцяг распісацца. А пасля пачаў абражаць мяне, пытаць, колькі мне плацяць.
Паводле актывістаў, міліцыя рэагуе дзіўна, можна сказаць, абыходзіцца з парушальнікамі „па-братэрскі”. Давераная асоба Мікалая Статкевіча Аляксандр Швед лічыць, што ўсё робіцца для нагнятання абстаноўкі падчас пікетаў апазіцыі і застрашвання як пікетоўцаў, так і падпісантаў.
Беларускае Радыё Рацыя