Праваслаўная царква не будзе адзначаць Дзень Волі малітвай за Беларусь
Беларускі экзархат Рускай праваслаўнай царквы (БПЦ) не будзе праводзіць асобную малітву за Беларусь 25 сакавіка ў 100-гадовы юбілей абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, заявіў на прэс-канферэнцыі 20 сакавіка ў Менску мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі.
Відэазапіс сустрэчы праваслаўнага іерарха з прадстаўнікамі СМІ апублікаваны на афіцыйным канале Нацыянальнага прэс-цэнтра на відэасэрвісе YouTube.
Журналісты пацікавіліся ў Паўла, ці будзе Беларускі экзархат якім-небудзь чынам адзначаць 100-я ўгодкі БНР, напрыклад, па аналогіі з Рымска-каталіцкім касцёлам, малітвай за Беларусь.
„Кожны, хто наведвае нашы храмы праваслаўныя, звярнулі ўвагу на тое, што ў нас штодня і раніцай, і ўвечары шматкроць узносіцца малітва за Беларусь, за правадыроў і воінаў, — заявіў у адказ кіраўнік БПЦ. — Мы молімся штодня. У манастырах, дзе ажыццяўляецца няўсыпны псалтыр, моляцца кругласутачна. Чаму мы не арганізоўваем нешта падобнае? Вы ведаеце, на жаль, ёсць небяспека палітызаваць гэтае мерапрыемства. Мы за тое, каб малітва, богаслужэнне ніколі не палітызаваліся. Вядома, можна выйсці на нейкія пляцоўкі, трыбуны, заклікаць людзей, але ў гэтым выпадку малітва ўжо будзе мець нейкі характар гвалту”.
Патрыяршы экзарх адзначыў, што Ісус Хрыстос „ніколі нікога не гвалтаваў”, а казаў сваім паслядоўнікам: „Хто хоча ісці за мной, вазьмі крыж свой і ідзі за мной”.
„Вось гэты прынцып добраахвотнасці, жадання людзей жыве ў нашай царквы, — падкрэсліў ён. — Мы не прыхільнікі таго, каб заклікаць людзей у нейкім месцы ў нейкі час адзін ці два разы на год памаліцца. Ідзе вось такая, ведаеце, спроба палітызаваць, мы супраць гэтага. Мы не хочам палітызацыі ў нашых набажэнствах і ў нашых зносінах з Богам. Хоць у нашых храмах … у вялікую суботу напярэдадні Вялікадня ва ўсіх праваслаўных храмах узносіцца асаблівая малітва аб міры ў Іерусаліме. <…> У апошнія гады ў нас за кожным набажэнствам таксама ўзносіцца асаблівая малітва аб украінскім народзе — мы просім Бога, каб Гасподзь улагодзіў сэрцы людзей, што варагуюць і супрацьстаяць адзін аднаму”.
„А што дычыцца жыхароў Беларусі, кожны дзень у нас шмат разоў і раніцай, і ўвечары ўзносіцца малітва аб правадырах, воінстве і богаахоўнай краіне нашай. Мы не хочам палітызаваць, менавіта таму мы не выводзім людзей на нейкія малітвы, каб гэта не атрымаўся нейкі публічны палітычны мітынг”, — сказаў праваслаўны іерарх.
У канцы мінулага тыдня афіцыйны партал Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі паведаміў, што 25 сакавіка ў касцёлах Менска і Магілёва пройдзе малітва за Беларусь. У сталічным архікатэдральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі богаслужэнне і малітву правядзе мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, а ў магілёўскім катэдральным касцёле — дапаможны біскуп Аляксандр Яшэўскі.
Арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў сімвалічнасць таго, што „акт незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, калі было абвешчана аб заснаванні новай дзяржавы, быў падпісаны 25 сакавіка — у свята Благавешчання”. „Свята 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі — гэта свята” добрай весткі „аб незалежнасці Беларусі”, — адзначыў клірык.
Фота: Белновости