Правацэнтрысцкая кааліцыя падпісала пагадненне аб супрацы з польскай „Грамадзянскай платформай”
4 ліпеня было падпісана пагадненне аб супрацы паміж Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй, Аб’яднанай грамадзянскай партыяй і Рухам «За Свабоду», якія ўваходзяць у Правацэнтрысцкую кааліцыю, і польскай партыяй „Грамадзянская платформа”. Усе чатыры партыі ўваходзяць у сям’ю Еўрапейскай народнай партыі.
Распавядае сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі:
– Падпісанне гэтай дамовы надзвычай важна, бо „Грамадзянская платформа” ўваходзіць у Еўрапейскую народную партыю, а яе прадстаўнік з’яўляецца віцэ-прэзідэнтам ЕНП. Дадзенае пагадненне дазволіць паглыбіць узаемаадносіны паміж нашымі партыямі і ўзмацніць нашу працу на ўсіх міжнародных пляцоўках.
Адным з вынікаў такой сумеснай працы стала рэзалюцыя міжнароднай камісіі польскага сейма, у якой змяшчалася патрабаванне да польскіх уладаў прыняць меры па вызваленні беларускіх зняволеных, звярталася ўвага на бесчалавечнае ўтрыманне ў турмах затрыманых, у тым ліку і сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца.
Таксама мы абмеркавалі з кіраўніцтвам „Грамадзянскай платформы” планы на супрацоўніцтва на бліжэйшы год. Спадзяюся, што ўсе яны будуць рэалізаваны і ўсталююцца цесныя кантакты паміж сябрамі нашай партыі, моладзевай арганізацыі, і мы будзем паспяхова супрацоўнічаць, прасоўваючы агульныя інтарэсы Беларусі і Польшчы ў Еўразвязе.