Правацэнтрысцкая кааліцыя працуе над адзіным кандыдатам
У 2020 годзе амаль адначасова павінны прайсці прэзідэнцкія і парламенцкія выбары. Выбары прэзідэнта маюць адбыцца не пазней за 30 жніўня, а выбары ў Палату прадстаўнікоў — не пазней за 10 верасня. Хоць старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына раней не выключыла, што адну з выбарчых кампаній могуць перанесці на канец 2019 года, бо дзве буйныя кампаніі запар – гэта цяжкі выклік.
Сённяшні Госць Рацыі – старшыня Руху “За Свабоду” – Юрась Губарэвіч, пракаментаваў падрыхтоўку да выбараў, найперш прэзідэнцкіх, з боку правацэнтрысцкай кааліцыі.
РР: З’явілася інфармацыя пра тое, што правацэнтрысцкая кааліцыя ўжо пачынае падрыхтоўку да прэзідэнцкіх выбараў і думае пра адзінага кандыдата?
– Так, сапраўды, мы працуем над тым, каб быў адзіны кандыдат ад правацэнтрысцкай кааліцыі, можа нават крыху шырэй. Тут вельмі проста тлумачыцца, чаму менавіта так трэба зрабіць, бо мы назіралі за выбарчымі кампаніямі папярэдніх гадоў, 2010 і 2015, і было відавочна, што кандыдаты, якія не аб’ядноўваюць вакол сябе шырокія кааліцыі, не карыстаюцца падтрымкай палітычных структураў, яны не здольныя нават сабраць подпісы. Гэта вельмі сур’ёзны выклік – сабраць рэальныя подпісы або пагадзіцца на гульню на ўмовах уладаў, бо раней некаторыя, падаючы ксеракопіі, спадзяваліся, што іх зарэгіструюць. І такія кандыдаты былі. Аднак пасля ім трэба было выконваць распараджэнні, якія зыходзілі ад тых, хто і прымаў рашэнні аб рэгістрацыі. Немагчыма правесці незалежную кампанію, калі ты нечым абавязаны тым, хто цябе такім чынам зарэгіструе. Іншы важны момант такі, што трэба грамадству дэманстраваць альтэрнатыву, і гэтая альтэрнатыва не можа быць у дзясятках асобаў, якія гавораць абсалютна розныя рэчы. На сёння ў Беларусі дастаткова чорна-белая сітуацыя ў адносінах да палітыкі кіруючага рэжыму, шмат грамадзян разумее, што ў Беларусі патрэбныя перамены, патрэбная альтэрнатыва, патрэбны іншы шлях развіцця. Гэта альтэрнатыва можа быць увасоблена адзіным кандыдатам ад дэмакратычнай апазіцыі.
РР: Ці можна назваць нейкія прозвішчы, хто мог бы быць такім кандыдатам?
– На сёння рана казаць пра прозвішчы. Так ці іначай можа быць шмат прэтэндэнтаў. Для нас галоўнае, каб была працэдура, па выніках якой той, хто пераможа, быў агульнапрызнаным лідарам і мог разлічваць на падтрымку шырокага кола апазіцыйных структураў.
РР: Які сцэнар на сёння больш рэальны: адзіны кандыдат ад правацэнтрысцкай кааліцыі ці ад усіх апазіцыйных дэмакратычных сілаў?
– На сёння правацэнтрысцкая кааліцыя – гэта адзін цэнтр яднання дэмакратычных сілаў, больш ніякіх альтэрнатыўных кааліцый не існуе, і прагназую, што наўрад ці яны будуць створаныя, можа быць толькі нейкім штучным чынам. Калі правацэнтрысцкая кааліцыя будзе здольная дамовіцца паміж сабой адносна асобы адзінага кандыдата, то мы можам казаць толькі пра далучэнне іншых на роўных умовах як раўназначных партнёраў да гэтага палітычнага цэнтра.
У правацэнтрысцкую кааліцыю ўваходзяць: Рух “За Свабоду”, аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” ды Аб’яднаная грамадзянская партыя.
Гутарка з Юрасём Губарэвічам – у далучаным гукавым файле:
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя