Правацэнтрысцкая кааліцыя заклікае дэмсілы аб’яднацца
Правацэнтрысцкая кааліцыя, у якую ўваходзяць рух „За Свабоду”, Аб’яднаная грамадзянская партыя і аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД), заклікае дэмакратычныя сілы і неабыякавых грамадзян аб’ядноўвацца „для абароны закона і справядлівасці”.
„Мы ацэньваем тое, што адбываецца ў Беларусі апошнім часам, як сістэмнае знішчэнне рэшткаў дэмакратыі. Лічым, што напады на незалежныя СМІ і прафсаюзы ставяць за мэту ўзяць іх пад свой кантроль. Гэта з’яўляецца мэтанакіраванай палітыкай беларускіх уладаў”, — сказаў сустаршыня аргкамітэта БХД Віталь Рымашэўскі.
Рэпрэсіі ў Беларусі, адзначыў ён, носяць „сістэмны характар”. „Хвалю дыскрэдытацыі ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі штогод адчуваюць апазіцыйныя палітычныя партыі, дэмакратычныя прафсаюзы і СМІ”, — сказаў палітык.
Каб выправіць сітуацыю, лічыць Рымашэўскі, неабходнае „аб’яднанне ўсіх дэмакратычных сіл і грамадзян для вырашэння пытанняў правядзення дэмакратычных выбараў і рэформы праваахоўнай сістэмы”.
„Мы заклікаем да аб’яднання. Нашым прыярытэтам з’яўляецца далейшае аб’яднанне ў рамках правацэнтрысцкай кааліцыі. Мы таксама лічым, што прыйшоў час для больш шырокага аб’яднання для ўдзелу ў кампаніях па абароне закона і справядлівасці ў Беларусі. Нашы планы носяць адкрыты характар, заклікаем далучацца да іх усіх неабыякавых грамадзян і дэмакратычныя арганізацыі”, — заявіў Рымашэўскі.
Фота belapan.com