Правацэнтрысты абіраюць адзінага кандыдата



Правацэнтрысты ладзяць праймерыз і да яго заклікаюць далучацца іншых палітыкаў. І хоць у Беларусі яшчэ не абвешчана дата прэзідэнцкіх выбараў, апазіцыйныя палітыкі ўжо пачалі заяўляць пра свой удзел. Правацэнтрысты абіраюць адзінага кандыдата. У праймерыз удзельнічаюць Павел Севярынец ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Юрась Губарэвіч ад руху «За свабоду» і Мікалай Казлоў, выконваючы абавязкі старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

– Гэта магчымасць выбраць адзінага кандыдата ад часткі апазіцыі. Гэта перадусім пасыл пра тое, што калі выбраць прыярытэты, то можна, на мой погляд, справіцца са сваімі амбіцыямі і паспрабаваць зрабіць адну справу, самую важную справу. Мы заявілі, заяўляем і працягваем гаварыць пра тое, што дзверы адчыненыя, і ў гэтым могуць узяць удзел усе партыі, якія падзяляюць нашы каштоўнасці.

Пра магчымы ўдзел у выбарах асобна таксама заяўляюць Алена Анісім — дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, Алег Гайдукевіч — першы намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі, Сяргей Скрабец — былы палітвязень і дэпутат, Мікалай Статкевіч — ад Беларускага нацыянальнага кангрэсу, Аляксей Янукевіч — прадстаўнік партыі БНФ, у грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» кандыдата назавуць пазней. І нават пратэстоўцы супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем вылучаюць свайго патэнцыйнага кандыдата.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя