Правацэнтрысты: Наша ацэнка выбараў не мяняецца



Пазіцыя правацэнтрысцкай кааліцыі ў дачыненні да парламенцкай выбарчай кампаніі, сфармуляваная раней і перададзеная 10 верасня ў Цэнтрвыбаркам, нягледзячы на праходжанне ў Палату прадстаўнікоў кандыдата ад кааліцыі, застаецца нязменнай — выбары нельга прызнаць свабоднымі, празрыстымі і дэмакратычнымі. Пра гэта заяўлена 12 верасня ў Мінску на прэс-канферэнцыі лідараў кааліцыі Анатоля Лябедзькі, Юрыя Губарэвіча і Віталя Рымашэўскага.

Гаворачы аб выніках назірання за выбарамі, у якім удзельнічалі прадстаўнікі правацэнтрыстаў, першы намеснік старшыні руху „За Свабоду” Юрый Губарэвіч адзначыў, што ў іх не было рэальнай магчымасці сачыць за падлікам галасоў і рэкамендацыі старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай па павышэнні празрыстасці гэтага працэсу выкананыя не былі. Паводле яго слоў, назіральнікі фіксавалі значныя разыходжанні ў колькасці выбаршчыкаў, якія прыйшлі на ўчасткі, як у перыяд датэрміновага галасавання, так і ў асноўны дзень выбараў — ад 30 і больш працэнтаў.

Такім чынам, як заяўляюць правацэнтрысты, у многіх акругах не павінна быць прызнана, што выбары адбыліся, зыходзячы з рэальнай яўкі. „Там, дзе вылучаліся правацэнтрысты, мы маем дадзеныя аб тым, што выбары не адбыліся, — яўка склала каля 30 працэнтаў. Гэта значыць, што парламент нелегітымны ўжо па той прычыне, што яўкі няма. Беларусы выказалі сваё стаўленне да правядзення гэтага спектакля, які называецца выбарамі”, — заявіў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі.

Пры гэтым у правацэнтрысцкай кааліцыі падкрэсліваюць, што калі папярэднія выбарчыя кампаніі ў Беларусі насілі ў першую чаргу характар знешняй нелегітымнасці, то зараз іх нелегітымнасць мае ўнутраны характар — гэта значыць іх вынікі не будуць прызнаныя дастаткова вялікай часткай беларускага грамадства.

Апазіцыйная кааліцыя заяўляе, што, нягледзячы на праходжанне ў Палату прадстаўнікоў члена АГП Ганна Канапацкай, „улада прызначыла ўсіх 110 дэпутатаў”.

Нагадаем, у склад правацэнтрысцкай кааліцыі ўваходзяць Аб’яднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт БХД і рух „За Свабоду”.

belapan.by