Правацэнтрысты правялі ў Менску Пікет Салідарнасці (абноўлена)



У Менску прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі правялі перадвыбарчы пікет, які перарос у ланцуг салідарнасці са зняволенымі ўдзельнікамі прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.

Сотні людзей ад плошчы Якуба Коласа сталі ў ланцуг да плошчы Незалежнасці, гэта тры кіламетры. На мерапрыемстве прысутнічалі і выступалі патэнцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты: лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова, лідар Руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч. Ён праз мегафон падзякаваў усім прысутным за  мужнасць і салідарнасць.

– Вы разумееце, што гэты пікет, важны не для нас. Гэты пікет важны для тых, каго разам з намі, на жаль, тут няма, хто не змог далучыцца і выйсці на вуліцы Менску, бо сёння знаходзіцца за кратамі. Таму варта пастаяць вось гэтыя паўгадзіны – гадзіну і паказаць, што мы не баімся, мы можам быць разам, мы можам быць салідарнымі.

Міліцыя папярэджвала сабраўшыхся, здымала іх на відэакамеры. Аднак далейшаму ходу мерапрыемства перашкодзіла не яна, а моцная навальніца, якая абрынулася на Менск. Аднак пасля моцнага дажджу з градам пікет аднавіўся.

Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў лічыць, што апошні перадвыбарчы пікет у Менску на плошчы Якуба Коласа і праспекце Незалежнасці паказаў – людзі пераадольваюць запалохванне рэпрэсіямі, дэманструюць салідарнасць з затрыманымі. Тое, што прыйшло шмат соцень людзей, якіх не напалохала ні міліцыя, ні навальніца, не дасць уладам магчымасці хлусіць, быццам іх арганізавана падвозяць, – лічыць Мікалай Казлоў.

– Я думаю, гэта невялікая частка, я думаю, надвор’е нам крыху перашкодзіла, але зараз я ганаруся кожным з іх. Тое, што мы тут сабраліся, людзі разумеюць, што іх шмат. Я ганаруся імі, яны ганарацца адзін адным, і мы паціху мяняем краіну. Здаецца, прыйшоў і пастаяў, на самой справе, мы мяняем краіну. Сёння тут і зараз.

 

Па словах сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольгі Кавальковай, апошні дзень збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на прэзідэнцкія выбары завершыўся шматлюдным і паказальным пікетам і ланцугом салідарнасці.

– Мы збіралі подпісы ў сваю падтрымку. Хацелі, каб кожны беларус, які хоча выказаць сваю салідарнасць і падтрымку дэмакратычнай супольнасці мог паставіць подпіс за Вольгу Кавалькову, Мікалая Казлова, ці Юрася Губарэвіча. Мы ўдзячныя ўсім, хто сёння паўдзельнічаў, нягледзячы на такое неспрыяльнае надвор’е. Людзі прыходзяць падтрымаць зняволеных.

Гэта важна і для іх саміх, і для тых, хто знаходзіцца пад рэпрэсіямі, гэта важна для ўсяго грамадства, якое змяняецца на нашых вачах, – кажа Вольга Кавалькова. 

Беларускае Радыё Рацыя