Правацэнтрысты возьмуць актыўны ўдзел у мясцовых выбарах
Пра гэта на сваёй сумеснай прэс-канферэнцыі заявілі лідэры правацэнтрысцкай кааліцыі, у якую ўваходзяць Аб’яднаная Грамадзянская Партыя, Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя і Рух “За свабоду”.
Самым вялікім выклікам у гэтай выбарчай кампаніі не столькі для апазіцыі колькі для ўладаў з’яўляецца крызіс даверу да выбарчай сістэмы, кажа старшыня АГП Анатоль Лябедзька.
— Сама выбарчая кампанія абсалютна непапулярная сярод пераважнай большасці людзей. Больш за 90% людзей не лічаць гэтых выбараў сумленнымі. Гэта вялікае пытанне да беларускіх уладаў. Ці разумеюць яны гэта ці не разумеюць, але мы маем гаварыць пра гэта ўсё часцей і больш астойліва. Бо, калі не мяняць заканадаўства, не мяняць правапрымянальную практыку, дык людзі перастаюць верыць. А калі няма веры, няма і легітымацыі, нават адноснай, для беларускіх уладаў.
Са словаў Анатоля Лябедзькі, не гледзячы на дэвальвацыю існуючай выбарчай мадэлі, правацэнтрысты маюць намер выкарыстаць выбарчую кампанію ў мясцовыя саветы, каб атрымаць легальныя інструменты для прамога дыялогу з беларускім народам, а таксама правесці кампанію па незалежным назіранні за выбарчым працэсам.
Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя